Канферэнцыя «Ад Слуцкага збройнага чыну да беларускай рэвалюцыі (1920-2020)
У Познані распачалася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Ад Слуцкага збройнага чыну да беларускай рэвалюцыі (1920-2020). Дыскурс супраціўлення».
Сімвалам канферэнцыі стаў плакат Арцёма Лоскутава «Звярэе сэрца, камянее кулак».
Арганізатарам канферэнцыі выступіў Інстытут рускай і ўкраінскай філалогіі Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані. У канферэнцыі прымае ўдзел 21 чалавек. Гэта вядомыя даследчыкі з Польшчы, Беларусі, Літвы, Італіі, Германіі і ЗША. Сярод запрошаных удзельнікаў – вядомыя беларускія навукоўцы: гісторыкі, палітолагі, мовазнаўцы, а таксама паэты, тэатральныя крытыкі і мастацтвазнаўцы.
Кажа кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта Ігар Кузняцоў:
– Я хацеў бы падзякаваць арганізатарам канферэнцыі, што яны падтрымалі нас у гэтыя цяжкія дні, калі беларускі народ сапраўды ўступіў у супрацьдзеянне з рэжымам. І таму правядзенне такой канферэнцыі, я думаю, будзе садзейнічаць таму, што мы зможам абмяняцца з польскімі калегамі нашымі меркаваннямі. І ў рэшце рэшт пышырыць супрацу беларускіх і польскіх калег, нягледзячы на тыя падзеі, якія адбываюцца сёння ў Беларусі.
Арганізатары прапануюць больш уважліва разгледзець розныя формы пратэсту, якія мелі месца пасля акупацыі Беларусі Савецкім Саюзам і пасля таго, як Лукашэнка стварыў мадэль аўтарытарнай дзяржавы. Паразважаць не толькі пра гістарычныя падзеі, цесна звязаныя з дыскурсам супраціву, але, перш за ўсё – пра яго шматлікія прадстаўленні ў тэкстах літаратуры і мастацтва.
Гаворыць прафесар кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін:
– Па-першае, дзякуй усім, хто далучыўся да нас, і будуць сёння з намі. Я думаю, што дзень будзе вельмі цяжкі, інтэнсіўны. Другая справа, канешне, гэта мова. У нас будуць рэфераты на польскай, рускай, беларускай мовах. Таму гэта будзе такая славянская канферэнцыя, дзе тры мовы будуць гучаць побач. Я ўжо бачу, што кніжка, якую мы будзем рыхтаваць, будзе вельмі цікавай, вельмі патрэбнай і вельмі важнай, мне здаецца. Яна таксама будзе на розных мовах. І гэта будзе сведчыць пра нашае сяброўства.
Рабочыя мовы канферэнцыі: польская, беларуская, англійская, руская. У канцы года плануецца публікацыя яе матэрыялаў у выглядзе рэцэнзаванага навуковага выдання.
Стэфан Глушакоў, Беларускае Радыё Рацыя