Пра інфармацыйную бомбу ад Сцяпана Пуцілы
Пасля некалькіх сутак адсутнасці блогер Сцяпан Пуціла разам з камандай апублікавалі фільм-расследаванне пра маёмасць і жыццё кіраўніка беларускай дзяржавы. У стужцы апавядаецца пра раскошу шматлікіх рэзідэнцый, аўтапарк, самалёты і іншае багацце, якое прыпісваецца Аляксандру Лукашэнку. Абсалютна прагназавана дадзеная тэма выклікала шалёную цікавасць аўдыторыі, якая ў любой краіне прагне ўбачыць сакрэтныя бакі жыцця прадстаўнікоў улады. У беларускім жа выпадку мы маем справу з надзвычай цікавым персанажам, асабістая прастора якога – таямніца за сямю пячаткамі вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Больш за тое, у Беларусі іcнуе негалоснае табу на асвятленне прыватных момантаў, звязаных з дзейнасцю і жыццём Аляксандра Лукашэнкі. Таму было абсалютна чакана, што падобны фільм-выкрыццё мог з’явіцца толькі ва ўмовах эміграцыі. Зрэшты, фізічная адсутнасць аўтараў расследавання ў Беларусі не перашкодзіла ім апрацаваць вялізарны масіў інфармацыі па заяўленай тэме. Балазе цяпер у адкрытых крыніцах багата разнапланавых фактаў, доказаў і сведчанняў таго, як насамрэч жывуць прадстаўнікі афіцыйных элітаў Беларусі. Тое, што Пуціла і кампанія сабралі ўсе даступныя звесткі ў адным фільме, – безумоўны моцны бок створанага прадукта.
Акрамя факталагічнай напоўненасці стужкі “Залатое дно”, да перавагаў дадзенай работы можна аднесці таксама ўдалы час прэзентацыі. Беларускае грамадства, якое сем месяцаў самаахвярна змагаецца за дэмакратычныя перамены, у апошнія тыдні пачало страчваць ініцыятыву ў інфармацыйным супрацьстаянні. Адпаведна, выхад выкрывальніцкай карціны нівелюе пэўныя дасягненні дзяржаўнай прапаганды, якая ў бліжэйшы час будзе вымушаная гуляць у навязаную гульню, старацца абвергнуць пададзеныя факты. Дадамо таксама, што фільм пра правадыра выйшаў на хвалі хайпа вакол стужкі пра геленджыцкі палац ягонага расейскага калегі Уладзіміра Пуціна, створаны здымачнай групай Аляксея Навальнага. Аднак параўноўваць два фільмы не варта. З пункту гледжання сцэнара, спецэфектаў і доказнай базы фільм Навальнага выглядае куды больш цэласным. І гэта зразумела, бо фільм пра Пуціна расейскі апазіцыянер рыхтаваў цягам апошніх некалькіх год, працаваў узмоцнена над зборам фактаў. Стужка пра Аляксандра Лукашэнку рабілася ў паспешлівых умовах і, відавочна, пры недастатковым бюджэце. Але калі фільм пра Пуціна можа быць вяршыняй кар’еры Аляксея Навальнага, то ў Сцяпана Пуцілы ўсё яшчэ наперадзе.
Крытыкі Сцяпана Пуцілы закідаюць яму ў асноўным два недахопы. Некаторыя лічаць, што аўтар засяродзіўся на другасных рэчах кшталту любові Аляксандра Лукашэнкі да брэндавых швейцарскіх гадзіннікаў, але не надаў належнай увагі самой персоне кіраўніка Беларусі. Іншыя крытыкуюць развязную манеру падачы матэрыяла, якая ўтрымлівае элементы мовы нянавісці і непрыхаваныя вульгарызмы. Але прэтэнзіі да аўтараў фільма “Залатое дно” адпадаюць аўтаматычна пасля прагляду палітычных сюжэтаў на тэлеканалах СТВ, БТ і АНТ, у якіх дзяржпрапагандысты дасягнулі вяршыняў у расчалавечванні апанентаў рэжыму. Такім чынам, выхад дадзенай стужкі – гэта сіметрычны адказ на дзяржаўную прапаганду, што і не хаваюць асабліва аўтары. З гэтага гледзішча да журналістыкі фільм “Залатое дно” мае ўмоўнае дачыненне. Аднак запатрабаванасць фільма беларускім грамадствам відавочная, пра што сведчаць рэкордныя лічбы праглядаў. Няма сумневу, што выхад фільма будзе балюча ўспрыняты ўладай, якая зробіць усё магчымае, каб зменшыць эфект ад інфармацыйнай бомбы.