Заўтра агучаць прысуд першай дзясятцы пратэстоўцаў з Берасця
Ужо заўтра, 10 сакавіка, абвесцяць прысуд берасцейцам, якіх абвінавачваюць у масавых беспарадках у жніўні 2020 года. Будуць судзіць першую дзясятку жыхароў Берасця, у цэнтры разгляду – падзеі адразу пасля асноўнага дня галасавання прэзідэнцкай кампаніі.
– Ад трох да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Такі тэрмін пагражае фігурантам крымінальных спраў, што заведзеныя па факце масавых беспарадкаў. Амаль усім абвінавачанне патрабуе калонію ўзмоцненага рэжыму.
Судовае пасяджэнне адбудзецца ў доме правасуддзя па адрасе: праспект Машэрава 8. Валанцёры заклікаюць прыйсці максімальную колькасць людзей і падтрымаць тых, каго будуць судзіць. Пачнецца суд а 10-ай гадзіне.
Сярод абвінаваных у жнівеньскіх падзеях – Сяргей Гацкевіч, Аляксандр Драздоў, Сяргей Крыўчэня, Ілля Мігно, Ягор Пракапчук, Віталь Пракапчук, Цімур Рызапур, Сяргей Салоха, Дзяніс Хазей.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце