Блогер Матолька мае намер працягваць займацца расследаваннямі



Блогер і грамадскі актывіст Антон Матолька адрэагаваў на навіну аб тым, што Следчы камітэт распачаў у дачыненні да яго справу па некалькіх крымінальных артыкулах.

„У цэлым, нічога нечаканага, — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. — Пра тое, што паціху складаюць матэрыялы да крымінальных спраў, я ведаў яшчэ ў верасні (дзякуй сястры цёткі прыбіральшчыцы з ААЦ). Што запытваюць у банках дадзеныя па маіх „актывах” і паступленнях (а там таксама ўсё чыста), што пры допыце незаконна затрыманых людзей перыядычна ўсплывае маё прозвішча ў надзеі знайсці хоць нейкую сувязь. Але ўсё дарэмна”.

„9 ліпеня [2020 года] я выехаў з Беларусі. Гэта прыйшлося зрабіць па настойлівай просьбе калег з iSANS Belarus (міжнародная аналітычная ініцыятыва. — БелаПАН.), якія асцерагаліся майго затрымання (як гэта адбылося з Ігарам Лосікам 25 чэрвеня). Уласна кажучы, адна з асноўных прычын, чаму я практычна ніколі не заклікаў людзей да выхадаў на вуліцу і да т.п., — гэта тое, што я сам не знаходзіўся ў Беларусі. Таму я выбраў задачу з распаўсюджваннем інфармацыі, расследаваннямі і зборам інсайдаў (з наступнай іх верыфікацыяй). І буду працягваць гэта рабіць”, — адзначыў блогер.

Матолька падкрэсліў, што „гатовы адказаць за ўсе свае дзеянні перад судом”, аднак, паводле яго слоў, „гэта будзе аб’ектыўны і незалежны суд у Новай Беларусі”. Ён заявіў, што любіць Беларусь і робіць „усё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуцца дадому”.

10 сакавіка Следчы камітэт паведаміў аб распачынанні ў дачыненні да Антона Матолькі справы па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці, распачатая справа па ч. 3 арт. 130 КК „у сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў, з ліпеня 2020 года з дапамогай створанага і кіраванага ім тэлеграм-канала”.

„На гэты момант ужо атрыманы доказы, якія сведчаць аб здзяйсненні А.Матолькам дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і інфармацыйнага становішча ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеянні здзяйсняліся таксама з выкарыстаннем кіраванага ім тэлеграм-канала. У сувязі з гэтым распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.

У СК сцвярджаюць, што Матолька, „дзейнічаючы па папярэдняй змове з неўстаноўленымі асобамі, знаходзячыся за межамі Рэспублікі Беларусь, з мэтай ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці <…> аб’яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя „дваровыя чаты”), стварыў экстрэмісцкае фарміраванне і кіруе ім”. Сваімі дзеяннямі, лічаць следчыя, ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).

Таксама паведамляецца, што следчымі ва ўзаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС, „атрыманыя доказы аб датычнасці блогера А.Матолькі да ўчынення шэрагу злачынстваў, у тым ліку прадугледжаных арт. 293 (масавыя беспарадкі) і арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак)” КК.

У найбліжэйшы час упраўленне Следчага камітэта па Менску мае намер вынесці пастанову аб прыцягненні Матолькі „ў якасці абвінавачванага па ўсіх вышэйназваных злачынствах, пасля чаго ён будзе абвешчаны ў міждзяржаўны вышук”. „Акрамя гэтага, следствам праводзіцца праца па прызнанні названага інтэрнэт-рэсурсу на тэрыторыі нашай краіны экстрэмісцкім”, — гаворыцца ў паведамленні СК.

belapan.by