МЗС Польшчы мае намер адрэагаваць на высылку свайго консула ў Берасці



Польшча „неадкладна і адэкватна, ужываючы прынцып узаемнасці”, адрэагуе на рашэнне ўладаў Беларусі выслаць консула Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці Ежы Цімафеюка. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач у каментары польскаму парталу RMF24.

Паводле слоў Пшыдача, польскі консул павінен пакінуць Беларусь на працягу 48 гадзін.

9 сакавіка часовага паверанага ў справах Польшчы Марціна Вайцяхоўскага выклікалі ў МЗС Беларусі, каб заявіць „рашучы пратэст” у сувязі з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка ў „неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным „дню праклятых жаўнераў”, якое прайшло 28 лютага 2021 года ў Берасці з удзелам прадстаўнікоў, звязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый”.

У паведамленні МЗС падкрэслівалася, што „прынцыповая і паслядоўная пазіцыя беларускага боку адносна „праклятых жаўнераў” і іх тыповых прадстаўнікоў — „банды Бурага” застаецца нязменнай і неаднаразова даводзілася да польскага боку”.  Удзелам ва ўказаным мерапрыемстве польскі прадстаўнік груба парушыў нормы міжнароднага права, у прыватнасці — Венскую канвенцыю аб консульскіх зносінах”, — гаворыцца ў заяве беларускага ведамства.

Фота: polishslaviccenter.org