Колькасць палітзняволеных у Беларусі вырасла да 276



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ сем чалавек, гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай на сайце spring96.org.

Як паведамляюць прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, у сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачаннем ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, супраціве з выкарыстаннем гвалту супрацоўніку МУС, іншым службовым асобам, якія выконваюць службовыя абавязкі, прызнаныя палітзняволенымі асуджаныя да пазбаўлення волі:

Андрэй Іванюшын (два з паловай гады па арт. 364 КК);

Мікіта Афанасьеў (тры гады па арт. 364 КК);

Мікіта Траццякевіч (тры гады па арт. 364 КК);

Аляксей Сцерлікаў (чатыры гады па ч. 2 арт. 363 КК);

Аляксандр Троцкі (10 гадоў па арт. 14, 362 КК);

Анастасія Нікіціна (адзін год і адзін месяц па ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 339 КК).

Палітвязнем таксама прызнаны Аляксандр Перапечка, які асуджаны на год абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле ч. 1 арт. 339 КК.

Такім чынам, у краіне цяпер 276 палітзняволеных.

Праваабаронцы нагадваюць, што „мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення”.

„Гвалтоўнае спыненне сходаў і прымяненне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як скрайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар, што ўяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян, — гаворыцца ў заяве. — Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту „ў адказ” з боку пратэстоўцаў, дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку па незаконным загадзе (неабходная абарона)”.

Згодна з інструкцыяй па вызначэнні паняцця „палітычны зняволены”, гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнага матэрыяльнага ўрону або шкоды каму-небудзь, дае падставы разглядаць гэтых асоб у якасці палітычных зняволеных, заяўляюць праваабаронцы.

„Маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям спраў па-за палітычнага кантэксту”, — гаворыцца ў заяве.

Працягласць або ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у дачыненні да ўдзельнікаў пратэставых сходаў, праваабаронцы лічаць „відавочна непрапарцыйнымі (неадэкватнымі) правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі”.

„У шэрагу выпадкаў судовыя пасяджэнні былі праведзеныя ў закрытым рэжыме: на іх не дапускаліся прадстаўнікі грамадскасці, праваабаронцы і прадстаўнікі СМІ, — адзначаюць прадстаўнікі праваабарончай супольнасці. — Прычым рашэнні суда аб правядзенні закрытых пасяджэнняў не былі абумоўленыя неабходнасцю абароны дзяржаўнай таямніцы ці інфармацыі асабістага характару ўдзельнікаў працэсу, непажаданай да публічнага распаўсюду”.

„Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед указаных асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Лічым неабходным патрабаваць для дадзеных палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі ўказаных фактараў, а таксама вызвалення іх з-пад варты з прымяненнем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд”, — гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, арганізацыі „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

БелаПАН