Сяргею Ціханоўскаму выстаўленае канчатковае абвінавачанне
Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да блогера Сяргея Ціханоўскага, лідара незарэгістраванага аб’яднання „Народная грамада” Мікалая Статкевіча і іншых асоб, паведамляе прэс-служба СК.
Ціханоўскаму выстаўленае канчатковае абвінавачанне па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, максімальнае пакаранне — 15 гадоў пазбаўлення волі), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці — да 12 гадоў пазбаўлення волі); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК — да трох гадоў пазбаўлення волі); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, — да трох гадоў пазбаўлення волі).
Паводле дадзеных следства, абвінавачваныя „на працягу доўгага перыяду часу актыўна займаліся падрыхтоўкай і арганізацыяй масавых беспарадкаў” у поствыбарны перыяд. „Пры гэтым Ціханоўскі з выкарыстаннем Youtube-канала „Краіна для жыцця” і аднайменнага тэлеграм-канала адкрыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама сваімі выказваннямі распальваў сацыяльную варожасць і варожасць у грамадстве па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці”, — адзначылі ў СК.
Згодна з паведамленнем ведамства, сабраныя доказы „непасрэднай узаемасувязі здзейсненых злачынстваў з дзейнасцю экстрэмістаў, якія ажыццяўляюць маніпуляванне грамадскай свядомасцю з дапамогай дэструктыўных тэлеграм-каналаў”.
„Дзясяткі чалавек розных узроставых груп, натхнёныя іх заклікамі і паверыўшы ў сваю беспакаранасць, прымалі актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, масавых беспарадках, ужывалі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і панеслі за свае дзеянні пакаранне ў адпаведнасці з заканадаўствам”, — адзначылі ў СК.
Таксама ў Следчым камітэце заявілі, што ў маі мінулага года Ціханоўскі перашкодзіў працы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў шляхам пагроз у адрас старшыні камісіі Лідзіі Ярмошынай. У гэты ж перыяд у Гродне, паводле звестак следства, абвінавачваныя пад выглядам пікета па зборы подпісаў арганізавалі „незаконнае масавае мерапрыемства, якое суправаджалася грубымі парушэннямі грамадскага парадку, гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады”.
Паведамляецца, што следчыя дапыталі абвінавачваных, сведак, пацярпелых, агледзелі больш за 160 адзінак тэхнікі з перапіскамі, відэазапісамі, фатаграфіямі, „якія пацвярджаюць датычнасць абвінавачваных да ўчынення злачынстваў”. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя заключэнні больш як 70 экспертыз.
„Улічваючы, што шкода ад дзеянняў Ціханоўскага і набліжаных да яго асоб склала больш за 3,5 мільёна рублёў, на маёмасць і грашовыя сродкі абвінавачваных накладзены арышт”, — паведаміў СК.
Цяпер выконваюцца працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на заканчэнне расследавання і азнаямленне ўдзельнікаў з матэрыяламі крымінальнай справы.
Раней Следчы камітэт завяршыў расследаванне вылучаных са „справы Ціханоўскага” дзевяці крымінальных спраў у дачыненні да 25 саўдзельнікаў, у ліку якіх інтэрнэт-блогеры і асобы, якія „рыхтаваліся да ўдзелу ў масавых беспарадках і захопу адміністрацыйных будынкаў”. Па шэрагу спраў ужо вынесеныя абвінаваўчыя прысуды.
Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая 2020 года ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Гэта адбылося пасля інцыдэнту з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. Інцыдэнт быў зняты на відэа, і з гэтага роліка бачна, што здарэнне справакавала невядомая жанчына.
8 чэрвеня Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пасля ў дачыненні да відэаблогера таксама распачалі справу па арт. 191 КК (перашкода працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў) па заяве старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Яна была прызнаная пацярпелай па гэтай справе. 30 лістапада стала вядома аб абвінавачванні ў распальванні варожасці (ч. 3 арт. 130 КК).
26 лютага тэрмін знаходжання пад вартай Ціханоўскаму працягнулі яшчэ на два месяцы — да канца красавіка.
У пачатку лютага адзін з фігурантаў „справы Ціханоўскага”, аўтар Youtube-канала „Слуцк для жыцця” Уладзімір Няронскі быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) — старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага, а таксама ў закліках да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).
Фота: Уладзь Грыдзін