Cяргей Марцалеў: Я трымаў галадоўку толькі 5 дзён



Беларускі палітык Сяргей Марцалеў, які ў 2010-м годзе быў кіраўніком штаба Мікалая Статкевіча, узгадвае свой досвед сухой галадоўкі.

Марцалеў трымаў галадоўку ў знак незаконнага затрымання яшчэ ў 1997 годзе, а цяпер падобныю галадоўку за кратамі гарадзенскай турмы трымае музыка і актывіст Ігар Банцэр.

– Гэта заўсёды жэст адчаю. І трэба разумець, што наступствы гэтага кроку могуць быць самымі сур’ёзнымі, аж да трагічных. Справа ў тым, што ў адрозненне ад звычайнай галадоўкі, такую галадоўку чалавек можа вытрымаць пяць – максімум сем сутак. Так далёка ў сваім эксперыменце я не зайшоў. Мяне на пятыя суткі адвезлі ў рэанімацыю.

Пры затрыманні Сяргея Марцалева моцна збілі міліцыянты, і ён патрапіў у шпіталь:

– У сакавіку 1997 года мне было амаль дваццаць гадоў. Гэта быў жэст адчаю. Я быў адным з арганізатараў студэнцкай акцыі на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Нас вельмі жорстка арыштоўвалі міліцыянты. У мяне былі яшчэ паралельна пералом рабра і траўма рукі.

Сяргей Марцалеў пасля падзеяў снежня 2010 года быў затрыманы і асуджаны па артытуле 342 Крымінальнага кодэкса на 2 гады з адтэрміноўкай. Ён быў прызнаны палітзняволеным і цяпер жыве за мяжой. Марцалеў асабіста знаёмы з Ігарам Банцэрам і памятае Ігара з часоў вучобы ў Варшаўскім універсітэце.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org