МУС паведаміла пра затрыманне „семярых актыўных удзельнікаў закрытага дваровага чату”
Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі „семярых актыўных удзельнікаў закрытага дваровага чату ў Маскоўскім раёне сталіцы”, паведаміла прэс-служба ведамства.
„Пра дэструктыўную скіраванасць яго дзейнасці паведамілі грамадзяне”, — сцвярджаецца ў рэлізе.
„Сярэдні ўзрост затрыманых 30-35 гадоў. Рэгулярна ладзячы фотасесіі са схаванымі тварамі, яны „выкідвалі” зробленыя здымкі на дэструктыўныя каналы, ствараючы бачнасць маштабнай падтрымкі пратэсту. У аднаго з фігурантаў у кватэры акрамя пратэставай атрыбутыкі знойдзеныя вазоны з канабісам і шпрыцы”, — заяўляе МУС.
„За апошні месяц супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС устаноўленыя асобы адміністратараў цэлага шэрагу дваровых чатаў, — адзначаецца ў паведамленні. — Іх дзеянням, а таксама дзеянням актыўных удзельнікаў гэтых супольнасцяў будзе дадзеная прававая ацэнка на прадмет стварэння або кіравання экстрэмісцкімі фармаваннямі. Законам за такія дзеянні прадугледжанае пакаранне — ад 6 да 10 гадоў пазбаўлення волі”.