Палітзняволены Дзмітрый Фурманаў збіраўся абвесціць галадоўку
Фігурант „справы Ціханоўскага” Дзмітрый Фурманаў збіраўся абвесціць галадоўку у час чарговага судовага пасяджэння ў Гародні 11 сакавіка. Прычынай ён назваў умовы ўтрымання. Аднак пасля паседжання маці ўгаварыла яго не рабіць гэтага.
Як паведаміў БелаПАН бацька абвінавачанага Аляксандр Фурманаў, Дзмітрый расказаў у судзе, што яго пасадзілі ў карцар 9 сакавіка на пяць сутак, аднак ён не зразумеў прычыну. Акрамя таго, на працягу апошняга месяца за межамі камеры яго водзяць у наручніках.
Ці будзе сын піць ваду падчас галадоўкі, бацька не ведае.
Дзмітрыю Фурманаву 35 гадоў. 29 мая 2020 года яго затрымалі невядомыя, забраўшы разам з крэслам з-за стала, калі ён збіраў подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую на пікеце ў Гародні.
Фурманаў прызнаны палітзняволеным. Яго маці і дзяўчына летась трымалі галадоўку 5 і 10 дзён адпаведна. Фурманаў раней працаваў інжынерам у дзяржаўнай арганізацыі, затым вучыўся на праграміста, шукаў працу. Абвінавачваецца ў „арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (ч. 1 арт. 342 КК).