Фіён Майе выйграў спрынт на этапе Кубка свету ў Чэхіі



Французскі біятланіст Кент Фіён Майе выйграў мужчынскую спрынтарскую гонку на старце дзявятага этапу Кубка свету ў чэшскім Нове-Места. Дыстанцыю працягласцю 10 кіламетраў пераможца пераадолеў за 22 хвіліны 7,2 секунды, не дапусціўшы ніводнага промаху на абодвух агнявых рубяжах. Другое месца заняў нарвежац Тар’е Бё, які адстаў ад лідара на 11,3 секунды. Трэцім фінішаваў італьянец Лукас Хофер, які саступіў французу 14,8 секунды. Усе прызёры не дапускалі промахаў на двух агнявых рубяжах. Лепшым з беларусаў стаў Антон Смольскі, які дакладна страляў, але саступіў пераможцу 54,1 секунду і заняў 18-е месца.

Беларускія гандбалісткі пачалі падрыхтоўку да кваліфікацыі чэмпіяната свету

Гандбалісткі нацыянальнай зборнай пачалі падрыхтоўку да адборавага турніру чэмпіянату свету, які пройдзе ў Менску. Трэнерскі штаб беларускай каманды на чале з Томажам Чатарам запрасіў на збор 21 гандбалістку, у тым ліку Ганна Рабчанка і Яніна Елісеева з гарадзенскай „Гараднічанкі” ды Анастасія Сівуха і Ірына Шынкарук з „Бярэсця”. У стартавым матчы 5-й кваліфікацыйнай групы на пляцоўцы менскай „Чыжоўка-арэны” беларускі 19 сакавіка згуляюць з камандай Фарэрскіх выспаў, а 21 сакавіка сустрэнуцца са зборнай Швайцарыі. У стадыю плэй-оф выйдуць па дзве лепшыя каманды з пяці груп. Паядынкі за трапленне ў фінальную стадыю сусветнага першынства адбудуцца з 16 па 21 красавіка. Фінальную частку 35-га жаночага чэмпіянату планеты з удзелам 32 каманд плануецца правесці з 2 па 19 снежня на арэнах Іспаніі.

Ягор Герасімаў не выйшаў у 1/4 фінала турніру ў Марсэлі

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў, які мае 76-ы нумар сусветнага рэйтынгу, не здолеў прабіцца ў чвэрцьфінал турніру ў французскім Марсэлі з прызавым фондам 334 тысячы еўра. У паядынку 1/8 фіналу беларус прайграў у двух партыях трэцяй ракетцы свету расейцу Даніілу Мядзведзеву – 2:6, 4:6. Гульня доўжылася 1 гадзіну 10 хвілін. У чвэрцьфінале супернікам расіяніна будзе італьянскі тэнісіст Янік Сінэр. На жаночым турніры ў Дубаі з прызавым фондам 1,8 мільёна восьмая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка завяршыла выступы, саступіўшы ў чвэрцьфінале іспанскай тэнісістцы Гарбін Мугурусе – 6:3, 3:6, 2:6.

Футбалісты „Іслачы” і „Славіі” адкрыюць 31-ы чэмпіянат Беларусі

Сёння стартуе 31-ы чэмпіянат Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. У першым паядынку новага нацыянальнага першынства футбалісты „Іслачы” на стадыёне футбольнага клуба „Мінск” прымуць гасцей з мазырскай „Славіі”. Гульня пачнецца ў 17.30 і будзе паказана ў прамым эфіры тэлеканала „Беларусь 5”. У мінулым сезоне „Іслач” заняла 7-е месца, а „Славія” завяршыла чэмпіянат на 9-й пазіцыі ў турнірнай табліцы сярод 16 удзельнікаў элітнага дывізіёна. У міжсезонне з „Іслаччу” развітаўся яе галоўны трэнер Віталь Жукоўскі, які адпрацаваў у клубе з Мінскага раёна 11 гадоў. Цяпер ён узначальвае барысаўскі БАТЭ, які 15 разоў станавіўся чэмпіёнам краіны. Яшчэ чатыры гульні першага тура адбудуцца ў суботу. Дзеючы чэмпіён Беларусі „Шахцёр” прыме ў Салігорску футбалістаў „Мінска”. Уладальнік бронзавых узнагародаў жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” згуляе ў гасцях у менскага „Дынама”. Сталічны „Энергетык-БДУ” прыме на сваім полі пачаткоўца вышэйшай лігі „Смаргонь”, а ў Берасці мясцовы „Рух” згуляе з „Гомелем”, які вярнуўся ў эліту. 

Кіеўскае „Дынама” прайграла „Вільярэалу” ў 1/8 фіналу Лігі Еўропы

Футбалісты кіеўскага „Дынама” пацярпелі паразу ад іспанскага „Вільярэала” 0:2 у першым матчы 1/8 фіналу Лігі Еўропы. Сустрэча ва ўкраінскай сталіцы прайшла з перавагай гасцей, якія забілі па мячу ў кожным тайме. На 30-й хвіліне гульні Паў Торэс адкрыў лік, а на 52-й хвіліне вызначыўся Рауль Альбіоль. Ангельскі „Манчэстар Юнайтэд” на сваім полі разышоўся мірам з італьянскім „Міланам” – 1:1. З такім жа лікам завяршыўся паядынак у сталіцы Чэхіі паміж пражскай „Славіяй” і шатландскім „Глазга Рэйнджэрс”. Нідэрландскі „Аякс” разграміў у Амстэрдаме швейцарскі „Янг Бойз” з лікам 3:0.  У Рыме італьянская „Рома” разграміла чэмпіёна Украіны данецкі „Шахцёр” 3:0. У Лондане англійскі „Тотэнхэм”  дзякуючы дублю Кейна абыграў заградскае «Дынама» – 2:0 Яшчэ адзін клуб з брытанскай сталіцы „Арсенал” у грэцкім Пірэі абыграў мясцовы „Алімпіякас”. Іспанская „Гранада” на сваім полі  абыграла нарвежскі „Мольдэ” 2:0. Паядынкі ў адказ за выхад у чвэрцьфінал Лігі Еўропы адбудуцца 18 сакавіка. Вырашальны паядынак плануецца правесці 26 траўня ў Гданьску.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя