Следчы камітэт разблакаваў офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў
Следчы камітэт разблакаваў апячатаны офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) у Менску.
„Мы вяртаемся ў нармальны рэжым працы на Кальварыйскую, 16, офіс 265 (4-ты паверх)! Дзякуй усім за салідарнасць і падтрымку!” — паведаміла арганізацыя ў сваім тэлеграм-канале.
16 лютага ў офісах і кватэрах дзясяткаў праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і незалежных журналістаў па ўсёй краіне прайшлі вобшукі. Як пасля паведаміў Следчы камітэт, вобшукі былі праведзеныя ў межах расследавання справы на падставе артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Вобшукі прайшлі ў офісе БАЖ, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах.
Офіс БАЖ быў апячатаны, рахунак арганізацыі — арыштаваны.
У канцы лютага арганізацыя звярнулася ў СК з хадайніцтвам вярнуць дакументы і пячатку і разблакаваць офіс. 10 сакавіка старшыня БАЖ Андрэй Бастунец быў дапытаны ў Следчым камітэце ў якасці сведкі ў межах справы паводле артыкула 342 КК. У прысутнасці кіраўніка БАЖ быў праведзены агляд канфіскаванага 16 лютага сейфа арганізацыі. У ім захоўваюцца статутныя дакументы, пячатка асацыяцыі і працоўныя кніжкі супрацоўнікаў. Нічога з гэтага Бастунцу не аддалі.
У той дзень ён паведаміў БелаПАН, што пытанне аб вяртанні арганізацыі статутных дакументаў, пячаткі і разблакаванні офіса „знаходзіцца ў стадыі вырашэння”. „Спадзяюся, што найбліжэйшым часам усё вырашыцца”, — сказаў Бастунец.