Высокая інфляцыя ў Беларусі можа захавацца на працягу большай часткі 2021 года
Гадавая інфляцыя ў Беларусі можа скласціся вышэйшай за 7% на працягу большай часткі 2021 года. Пра гэта гаворыцца ў макраэканамічных выніках тыдня, якія падрыхтавалі аналітыкі Еўразійскага банка развіцця.
Гадавая інфляцыя ў Беларусі паскорылася з 7,7% у студзені да 8,7% у лютым. Крыніцай павышанай інфляцыі застаюцца медыцынскія тавары і прадукты харчавання.
Паводле разліку ЕАБР, медыкаменты падаражэлі на 20% год да года ў лютым (14,4% у студзені) з-за павелічэння ПДК з пачатку года і высокага попыту ва ўмовах пандэміі.
Рост кошту харчавання паскорыўся да 7,8% год да года, з 6,6% у папярэднім месяцы на фоне павышэння сусветных цэн і нізкага ўраджаю летась нязерневых культур у Беларусі.
Як адзначаюць у ЕАБР, дадатковым фактарам паскарэння інфляцыі ў лютым стала павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.
„Інфляцыя ў сакавіку можа захавацца некалькі вышэйшай за верхнюю мяжу прагнознага дыяпазону ЕАБР у 8—8,5% год да года і застацца вышэйшай за 7% год да года на працягу большай часткі 2021 года”, — прагназуюць эканамісты.
У Еўразійскім банку развіцця таксама пракаментавалі апошнія рашэнні Нацыянальнага банка Беларусі. 12 сакавіка рэгулятар захаваў стаўку рэфінансавання на ўзроўні 7,75%. Тэрмін прыпынення пастаянна даступных аперацый рэгулявання ліквіднасці працягнуты да прыняцця адпаведнага рашэння праўленнем Нацбанка (раней — да 18 мая).
Паводле ацэнкі ЕАБР, грашова-крэдытныя ўмовы ў I квартале 2021 года заставаліся адносна жорсткімі, што забяспечвалася прудэнцыйнымі мерамі і абмежаваннем рэгулятарам грашовай прапановы. У студзені аб’ём новых крэдытаў упаў амаль на 15% год да года.
„Прынятыя рашэнні паказваюць на захаванне характару грашова-крэдытнай палітыкі ў найбліжэйшыя месяцы. Пры кантролі Нацбанкам за грашовай прапановай інфляцыя пачне запавольвацца ў другой палове 2021 года, але можа застацца вышэйшай за 7% год да года на працягу большай часткі года”, — падкрэсліваюць аналітыкі ЕАБР.
Варта зазначыць, што ў лютым цэны выраслі на 1,9%, а за два месяцы гэтага года інфляцыя склала 3,1%, перавысіўшы палову гадавога прагнозу па росце цэн. У 2021 годзе ўрад і Нацбанк прагназуюць інфляцыю не вышэйшую за 5%.
На 2020 год улады таксама прагназавалі інфляцыю не вышэйшую за 5%, аднак у выніку цэны выраслі на 7,4%.