У Гародні затрыманы журналіст Дзяніс Івашын (абноўлена)



12 сакавіка ў сваёй кватэры ў Гародні затрыманы вядомы гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын. Дома ў журналіста ў межах крымінальнай справы адбыўся ператрус. Яго праводзілі супрацоўнікі КДБ па Гарадзенскай вобласці, распавяла жонка Дзяініса Івашына Вольга:

– Назваліся, паказалі свае пасведчанні і сказалі, што зараз будзе ператрус. Паказалі пастанову. Прыйшлі панятыя. Ператрус пачаўся ў 19.45. Забралі сім-карты, флэш-карты, банкаўскія карты, ноўтбукі забралі.

Як паведаміла Вольга, вобшук закончыўся позна ноччу:

– Доўжылася гэта даволі доўга. Дзесьці а пятай толькі скончылі. Шукалі ўсё і паўсюль. Распісваліся сем чалавек.

Ператрус таксама адбыўся й на лецішчы, дзе жыве маці Дзяніса Івашына. Сам Дзяніс Івашын зараз знаходзіцца ў гарадзенскай турме. Ператрус і затрыманне журналіста адбылося ў межах крымінальнай справы, заведзенай за “распаўсюд персанальных дадзеных”.

* * * 

У сваёй кватэры ў Гародні затрыманы вядомы гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын. Гэта адбылося прыкладна а 18-ай гадзіне.  Дома апроч Івашына нікога не было.

Пра затрыманне распавядае наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:

– Затрыманы сябра БАЖ Дзяніс Івашын. Невядомыя прыехалі да яго дахаты, выцягнулі з дому, пасадзілі ў блакітны бус і павезлі ў невядомым кірунку. Дзяніс Івашын піша для інфармацыйнага агенцтва “ІнформНапалм”, а таксама з’яўляецца карэспандэнтам менскага выдання “Новы Час”.

Дома ў журналіста ў межах крымінальнай справы адбыўся ператрус. Яго праводзілі супрацоўнікі КДБ па Гарадзенскай вобласці. Па якой справе дакладна, невядома, найверагодней у звязку з яго журналісцкімі расследаваннямі. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня