Алімбекава шостая ў спрынце на этапе Кубка свету па біятлоне ў Чэхіі



Беларуская біятланістка Дынара Алімбекава заняла шостае месца на дзявятым этапе Кубка свету, які працягваецца ў чэшскім Новэ-Места.

Дыстанцыю 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі алімпійская чэмпіёнка Гульняў-2018 у эстафеце прайшла павольней за пераможцу Тырыль Экхаф з Нарвегіі на 31,4 секунды, дапусціўшы адзін промах. Скандынаўка паказала 18 хвілін 11,1 секунды і таксама была аднойчы недакладнай ў стральбе.  Другое месца пакінула за сабой немка Дэніз Херман, якая адстралялася без промахаў, але саступіла 6,1 секунды. Трэцяе месца ў італьянкі Даратэі Вірэр з Італіі – яна страляла без промахаў, але саступіла 10,5 секунд.

„Іслач” абыграла „Славію” на старце 31-га чэмпіянату Беларусі

Футбалісты „Іслачы” перамаглі мазырскую „Славію” у стартавым паядынку 31-га чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе.

Першы паядынак новага нацыянальнага першынства на стадыёне ФК „Мінск” прайшоў у роўнай барацьбе, і толькі ў самым канцы сустрэчы дакладны ўдар Кірыла Глушчанкова прынёс перамогу „Іслачы” – 1:0.

Яшчэ чатыры гульні першага тура адбудуцца сёння. Дзеючы чэмпіён Беларусі „Шахцёр” прыме ў Салігорску футбалістаў „Мінска”. Уладальнік бронзавых узнагарод жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” згуляе ў гасцях у менскага „Дынама”. Сталічны „Энергетык-БДУ” прыме на сваім полі пачаткоўца вышэйшай лігі „Смаргонь”, а ў Берасці мясцовы „Рух” згуляе з „Гомелем”, які вярнуўся ў эліту. Завершыцца стартавы тур заўтра. Віцэ-чэмпіёны краіны футбалісты БАТЭ на штучным полі ФК „Мінск” згуляюць са „Слуцкам”. У Гомелі дэбютант элітнага дывізіёна рэчыцкі „Спутнік” пазмагаецца з берасцейкім „Дынама”, а ў Гародні мясцовы „Нёман” будзе супернічаць з „Віцебскам”.

Хакеісты жлобінскага „Металурга” выйшлі ў паўфінал Кубка Прэзідэнта

Хакеісты жлобінскага „Металурга” перамаглі „Дынама-Маладзечна” з лікам 2:1 і выйшлі ў паўфінал плэй-оф чэмпіяната Беларусі. На 13-й хвіліне гульні Віталь Пінчук перайграў галкіпера  «дынамаўцаў» Аляксея Коласава і адкрыў лік. Каманда з Маладзечна не апусціла рукі і досыць хутка адыгралася. На 17-й хвіліне, „зубры” гулялі ў большасці і свой бамбардзірскі рахунак папоўніў Аляксандр Сувораў.

У другім перыядзе каманды выніковымі дзеяннямі заўзятараў не парадавалі, а лёс паядынку вырашыўся пасля другога перапынку. Пераможную шайбу закінуў абаронца „сталёвых ваўкоў” Дзмітрый Заламай. Лік у серыі стаў 4:2 на карысць дружыны Анатоля Сцепанішчава, якая выйшла ў паўфінал турніру ўпершыню за сем гадоў. У яшчэ адным матчы гульнявога дня „Гомель” узяў верх над гарадзенскім „Нёманам” – 4:3. У пераможцаў вызначыліся Алег Качалоўскі, Антон Елісеенка, Уладзіслаў Бойка і Булат Хаматаў. За гарадзенцаў шайбы закінулі Павел Пішчальнікаў, Мікіта Крыскін і Ігар Казячы.

Лік у серыі да чатырох перамог стаў 3:3. Лёс чацвёртай пуцёўкі ў паўфінал вырашыцца заўтра ў Гомелі.

Дзяніс Масалёў пакінуў менскае „Дынама”

Расейскі форвард Дзяніс Масалёў пакінуў менскае „Дынама”. Працоўныя адносіны паміж клубам і гульцом скасаваныя па пагадненні бакоў. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце „зуброў”.

У 20 матчах рэгулярнага чэмпіянату гулец набраў 8 (5 + 3) ачкоў. У плэй-оф на рахунку нападніка  2 шайбы + 1 перадача ў пяці гульнях. Менавіта яго галявы кідок стаў пераможным у чацвёртай гульні серыі з піцерскім СКА.

Абвешчаны склад жаночай зборнай па барацьбе на кваліфікацыю да Гульняў у Токіо

Трэнерскі штаб нацыянальнай каманды Беларусі па жаночай барацьбе назваў склад на кваліфікацыйны адборавы турнір да Гульняў XXXII Алімпіяды ў Токіо, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.

За пуцёўкі паспрачаюцца Наталля Варакіна (у вазе 50 кг), Ванэса Каладзінская (у вазе 53 кг), Марыя Мамашук (62 кг), Ганна Садчанка (68 кг) і Васіліса Марзалюк (у вагавай катэгорыі 76 кг).

У актыве жаночай каманды ўжо маецца адна ліцэнзія. Ірына Курачкіна на чэмпіянаце свету 2019 года заваявала бронзавы медаль і атрымала права выступіць у Токіо.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА