Падскочылі цэны на малако, хлеб, курыцу, крупы, бульбу, лекі



У лютым прыкметна выраслі кошты многіх тавараў і паслуг. Сярод лідараў падаражання многія віды гародніны, малако, крупы, соль, хлеб, мяса курыцы, лекі, паведамляе tut.by.

МАРГ і Нацбанк расказалі, на якія тавары і паслугі ў лютым найбольш прыкметна выраслі кошты і чаму гэта адбылося. Калі коратка, то гэта ў тым ліку наступствы навагодняга «падарунка» ад уладаў – падвышэння ПДВ на многія прадукты, лекі, медвырабы, дзіцячыя тавары. Нагадаем, раней міністр падаткаў і збораў Сяргей Налівайка прагназаваў, што праз падвышэнне ПДВ «росту коштаў не адбудзецца».

Як у лютым падаражэлі тавары і паслугі

Нагадаем, у мінулым месяцы ў Беларусі зафіксавалі рэкордную за апошнія 5 гадоў месячную інфляцыю, яна была на роўні 1,9%. Гадавая інфляцыя разагналася да 8,7%, а на сацыяльна значныя тавары – да 7,2%.

Сярод прадуктаў лідары ў росце коштаў свежыя агуркі (+21,6%), бананы (+20,9%), бульба (+11,7%), морква (+10,7%), буракі (+10,6% ). Харчовая соль падаражэла на 9,4%, рэпчатая цыбуля – на 8,8%, свежая белакачанная капуста – на 8,1%, салодкі перац – на 7,1%.

Кошты маргарыну і кансерваванай гародніны рванулі за мінулы месяц на 6,4%.

Прыкметна выраслі кошты многіх крупаў. Да прыкладу, пярлоўка стала даражэйшая на 5,2%, проса і грэчка – на 3,5%, аўсяныя шматкі – на 2,5%.

У лютым істотна падаражэлі таксама многія прысмакі, у тым ліку мармелад (+4,7%), печыва і пернікі (+3,6%), ірыс (3,5%), зефір і карамель (+ 3,1%) . У цэлым кандытарскія вырабы сталі даражэйшыя на 2,3%.

Малочныя прадукты падаражэлі за люты ў цэлым на 1,3%. Пры гэтым кошты малака выраслі на 1,8%, тлустага тварагу – на 1,3%, ёгурту – на 1,7%.

Мяса ў цэлым падаражэла амаль на 1%. Прыкметней за ўсё выраслі кошты мяснога фаршу – на 2,5%, курыцы – на 2,3%, паўфабрыкатаў з мяса птушкі – на 2%, субпрадуктаў з птушкі – на 1,3%. Пры гэтым свініна (акрамя бескасцёвай) патаннела на 0,2%.

Курыныя яйкі сталі даражэйшыя на 0,5%. Нагадаем, улады цікавяцца наяўнасцю ў крамах яек напярэдадні велікодных святаў. Тым часам гандлёвыя сеткі скардзяцца ва ўстанову на тое, што некаторыя птушкафабрыкі выконваюць іх заяўкі напалову. Адна з магчымых прычынаў гэтага – адпраўка вытворцамі яек на экспарт.

Лекі сталі даражэйшымі за люты на 5,4%. Да прыкладу, антыінфекцыйныя сродкі і сродкі для лячэння дыхальнай сістэмы падаражэлі на 6,5%, сардэчна-сасудзістыя сродкі – на 5,7%. Бінт падаражэў на 6,1%, шпрыц – на 5,9%. Медыцынскія паслугі выраслі ў кошце на 2,5%,

Хлеб і хлебабулачныя вырабы падаражэлі на 1,1%. Да прыкладу, хлеб з пшанічнай мукі найвышэйшага гатунку стаў даражэйшы на 1,6%, а першага гатунку – на 1,5%.

Як чыноўнікі тлумачаць рост цэн

У МАРГ тлумачаць, што «падвышаны рост коштаў абумоўлены захаваннем неспрыяльнага ўплыву падаражэння імпартаваных тавараў, а таксама скасоўвання падатковых ільготаў».

«У лютым з імпартаваных тавараў найбольшы рост коштаў у гадавым вымярэнні захаваўся на рыбу і рыбапрадукты, алей і тлушчы, крупы, а таксама садавіну. Таксама прадоўжыўся рост коштаў медыкаментаў (са студзеня скасаваныя льготы ў ПДВ) і, як вынік, медыцынскіх паслуг, – адзначаюць у МАРГ. – У цэлым рост коштаў лекаў зрабіў унёсак у гадавы прырост коштаў сацыяльна значных тавараў блізу 2,1 адсоткавых пункта, алей і тлушчы – 0,9 адсоткавых пункта, на плодаагароднінную прадукцыю – 0,8 адсоткавых пункта».

У МАРГ расказваюць, што за люты імпартаваная рыба і рыбапрадукты падаражэлі на 1,6%, алей – 5,8% (практычна не вырабляецца ў краіне), лекавыя сродкі – 5,1 адсотка, плодаагароднінная прадукцыя – 7,1%, медыцынскія паслугі – 2,5%.

«Прырост стала рэгуляваных коштаў і тарыфаў у гадавым вымярэнні ў лютым склаў 8,5%, – адзначаюць у МАРГ. – У лютым (акрамя падвышэння коштаў лекаў і тарыфаў на медыцынскія паслугі) адзначаецца падвышэнне кошту паслуг дашкольных установаў на 10,2%, а таксама коштаў аўтамабільнага паліва на 1,1%. Планава падвышаныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі на 8,6%».

У Нацбанку ўдакладняюць, што базавая інфляцыя, якая адлюстроўвае дынаміку свабодных коштаў без уліку пазіцый, кошты якіх схільныя да ўплыву адміністрацыйнага і сезоннага фактараў, у лютым у гадавым выразе (да аналагічнага перыяду 2020 года) склала 8,3%. Месяц таму яна была на роўні 7,5%.

Нацбанк прыводзіць такія лікі: лекі ў лютым у гадавым выразе (да аналагічнага перыяду 2020-га) падаражэлі на 20,9%, паслугі страхавання асабістага транспарту – на 31%, цыгарэты – на 11,4%, паслугі тэхагляду аўтамабіля – на 10,4%.

Фота: Тут.бай