Расеі не дазволілі „Кацюшу” на алімпіядах
Спартовы арбітражны суд у Лазане (CAS) не дазволіў Расеі выкарыстоўваць песню „Кацюша” на алімпіядах у Токіа і Пекіне. З-за парушэння антыдопінгавых правіл расейскім спартоўцам забаронена выступаць пад нацыянальным сцягам і выкарыстоўваць гімн дзяржавы да сярэдзіны 2022 года.
У адказ на запыт CAS заявіў, што забарона павінна распаўсюджвацца „на кожную песню, звязаную з Расеяй ці маючай спасылкі на яе, і гэта наўпрост датычыць і „Кацюшы”.
Раней, у лютым гэтага года, Расея прапанавала Міжнароднаму алімпійскаму камітэту выкарыстоўваць менавіта кампазіцыю „Кацюша” замест гімна бліжэйшыя два гады, паведамляў кіраўнік Алімпійскага камітэту Расеі Станіслаў Пазднякоў.
У рашэнні CAS пра санкцыі ў дачыненні Расеі было сказана, што расейскі нацыянальны гімн, ці іншая песня, звязаная з ёй, не можа прайгравацца ці выконвацца на афіцыйных спартовых пляцоўках. Гэта датычыць таксама цырымоній адкрыцця і закрыцця спаборніцтваў, а таксама ўзнагароджвання медалямі.
Беларускае Радыё Рацыя