Бананы, вінаград, буракі — лідары па росце цэн з пачатку года



За першыя два месяцы 2021 года лідарамі па падаражанні сталі бананы (на 34,91%), вінаград (+29,37%), буракі (+24,96%), свежыя агуркі (23,08%) і морква (+22,78%), сведчаць дадзеныя Белстата.

На 21,34% павялічыўся кошт бульбы, на 17,05% — маргарыну, на 16,89% — салодкага перцу, на 16,16% — солі, на 14,05% — белакачаннай капусты.

Больш чым на 10% падаражэла таксама газазабеспячэнне (+14,83%), тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў (+11,37%), электразабеспячэнне (+10,05%), паслугі дашкольных устаноў (+10,16%).

Кошт лекаў узрос на 10,19%.

Як паведамлялася, агульны рост спажывецкіх цэн з пачатку года склаў 3,10%. Лютаўская інфляцыя (1,94%) аказалася рэкорднай пасля лютага 2016 года (2,91%). За гэты перыяд месячны рост цэн на 1% і больш быў зафіксаваны ў кастрычніку 2017 года (1,20%), лютым 2019 года (1,34%), лютым 2020 года (1,00%), снежні 2020 года (1,23%) і студзені 2021 года (1,14%).

За два месяцы гэтага года прадукты харчавання, алкагольныя і безалкагольныя напоі, тытунёвыя вырабы найбольш значна падаражэлі ў Берасцейскай вобласці (+3,69%). Далей — Магілёўская вобласць (+3,54%), Менск (+3,39%), Гарадзенская (+3,12%), Гомельская (+3,11%), Менская (+3,00%) і Віцебская (+2,99%).

belapan.by