Ціханоўская: У турмы да тых, хто галадае, абавязаныя пусціць дыпламатаў ЕЗ і ААН
Святлана Ціханоўская лічыць, што ў турмы да беларусаў, якія галадаюць, абавязаныя пусціць дыпламатаў ЕЗ і ААН. Пра гэта беларуская дэмакратычная лідарка заявіла ў відэазвароце, размешчаным у яе тэлеграм-канале.
„Ігар Лосік, Ігар Банцар і Дзмітрый Фурманаў, вы можаце не даведацца пра тое, што я зараз кажу гэтыя словы. Але мы ўсе ведаем пра вас і вашую бязмежную мужнасць. Вы цяпер рызыкуеце сваім жыццём, выказваючы свой пратэст праз галадоўку. Але мы, беларусы, не гатовыя рызыкаваць вамі, — звярнулася да ўдзельнікаў галадоўкі Ціханоўская. — Як чалавек, маці і жонка, я прашу вас спыніць галадоўку. Вы патрэбныя вашым блізкім, бацькам і дзецям. Вы патрэбныя Беларусі”.
Паводле слоў дэмакратычнай лідаркі, яна робіць усё магчымае, каб вызваліць „сотні беларусаў, якія без віны зачыненыя ў камерах”.
„На гэтым тыдні я сустракалася з дэлегацыямі Еўразвяза і ААН, каб яны наклалі фінансавыя і візавыя санкцыі на суддзяў, пракурораў і кіраўніцтва турмаў, якія не выконваюць вашыя патрабаванні. Яны абавязаныя дапусціць у турмы прадстаўнікоў дыпмісій і паслоў. Яны забараняюць гэтыя візіты, таму што баяцца, што ўсе ўбачаць, у якіх страшных умовах рэжым утрымлівае нашых мужоў, дзяцей, бацькоў і сяброў. Мы можам толькі здагадвацца, у якім пекле вы знаходзіцеся, раз адважыліся парэзаць вены і аб’явіць „сухую” галадоўку, — гаворыцца ў звароце. — Але мы гаворым пра вас на ўвесь свет. Разам з замежнымі партнёрамі мы працягваем дамагацца, каб спецдакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марэн пусцілі ў Беларусь. Ужо на наступным тыдні ААН павінна запусціць механізм прыцягнення да адказнасці тых, хто здзяйсняў незаконныя затрыманні і выносіў спушчаныя зверху прысуды”.
„Але я не ведаю, ці ёсць у вас яшчэ тыдзень. А значыць, у нас няма права проста чакаць чыіхсьці дзеянняў — бо гэтае чаканне вядзе да страшных ахвяраў. Кажуць, чалавек жыве тры дзясяткі сутак без ежы, трое сутак без вады і тры хвіліны без паветра. Але адзінае, у чым я ўпэўненая, што, якім бы ні было вашае рашэнне, вы ўжо паказалі, што не гатовыя жыць ні секунды без сваіх перакананняў”, — адзначыла Ціханоўская.
Паводле дадзеных пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, на бягучы момант трымаюць галадоўку як мінімум трое вязняў: Ігар Лосік, Ігар Банцар і Дзмітрый Фурманаў.
Палітвязень Ігар Лосік у адказ на выстаўленае яму новае абвінавачанне спрабаваў парэзаць вены і аб’явіў 11 сакавіка „сухую” галадоўку. Першая яго галадоўка доўжылася 42 дні. Яна выклікала вялікі рэзананс. 25 студзеня праз абаронцу Лосік перадаў, што вырашыў спыніць галадоўку, таму што яго „ўразіла неверагодная хваля салідарнасці”.
Гродзенскі музыкант Ігар Банцар на „сухой” галадоўцы з 3 сакавіка.
Сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Дзмітрый Фурманаў пачаў галадоўку 11 сакавіка.
Палітзняволеная Наталля Хершэ, грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання, якая пачала галадоўку 22 лютага, 12 сакавіка спыніла яе. Прычына галадоўкі была ў тым, што родных Хершэ не апавясцілі пра яе перавод у гомельскую калонію. Акрамя таго, ёй перасталі перадаваць лісты. Гэта была ўжо яе другая галадоўка. У студзені Хершэ таксама адмовілася ад ежы з-за таго, што ёй не перадавалі пошту. Тады яе перавялі ў камеру з лепшымі ўмовамі.