Лех Валенса лёг у шпіталь на аперацыю
Былы прэзідэнт Польшчы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лех Валенса лёг у шпіталь на аперацыю, якая будзе на сэрцы. Перад тым легендарны палітык 14 сакавіка запісаў і выклаў у сваім фэйсбуку відэазварот.
„Сёння я ўзяў слова, таму што не ведаю, якая воля неба”, – сказаў Валенса, паведаміўшы пра шпіталізацыю. „Час пакажа. Я гатовы да двух асноўных зыходаў, – дадаў ён. – Не ведаючы, калі мы сустрэнемся наступны раз, не ведаючы, ці сустрэнемся мы ўвогуле, я хачу сказаць вам, што рабіў усё, каб добра служыць народу”.
„Разам з вамі мне ўдалося шмат зрабіць. Не ўсё атрымалася, але не з-за маёй ляноты ці нежадання. Я рабіў толькі тое, у што верыў, без ніякіх падтэкстаў, без подласці, без здрадніцтва”, – адзначыў былы прэзідэнт. Ён таксама выклаў сваё бачанне палітычнай сітуацыі ў краіне і свае прапановы.
Валенса рыхтуецца перанесці аперацыю на сэрцы. У яго кардыёстымулятары лопнуў адзін з электродаў. Акрамя гэтага 78-гадовы былы прэзідэнт хварэе на цукроўку і мае іншыя праблемы са здароўем”.
Беларускае Радыё Рацыя