Архіяпіскап Арцемій: Царква не павінна быць абыякавай



„Царква не павінна быць абыякавай… Маўчаннем прадаецца Бог”. Моцныя словы архіяпіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія прагучалі падчас нядзельнай казані ў Свята-Пакроўскім саборы Гародні.

Архіяпіскап сказаў, што ў царкве хочуць бачыць толькі „ідэалагічна-палітычны апарат”:

– Цяпер часы канешне вельмі складаныя, пануюць парокі, пануе зло, гэта ўсё раз’ядноўвае людзей, адбываецца грамадскае раз’яднанне, нават у духоўным асяроддзі. Прычына ўсяго канешне ў тым, што царства гэтага свету жадае бачыць у царкве толькі ідэалагічна-палітычны апарат, а царква кажа, што яна Царства Божае на зямлі.

Архіепіскап Арцемій казаў, што шлях прыстасавальніцтва – гэта шлях самазнішчэння. Царква не павінна ўваходзіць у палітыку, але не павінна таксама заставацца абыякавай:

– Навамучанікі і прапаведнікі нашага часу заўсёды казалі, што: „Маўчаннем прадаецца Бог”. Быць хрысціянінам – гэта быць крыжаносцам. Пачынаючы ад барацьбы са сваімі парокамі, ад барацьбы са сваім асабістым грахом, з грамадскімі хібамі, з царкоўнымі праблемамі. Гэта цяжкі крыж, які трэба несці часам ахвяруючы сабой.

„Але ў гэтым і ёсць шлях нашага выратавання”, – кажа архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

Беларускае Радыё Рацыя