Дзяўчына палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава ўслед за ім абвясціла галадоўку



Абвясціла галадоўку жыхарка Гродна Вольга Каракіна, дзяўчына палізняволенага Дзмітрыя Фурманава, які праходзіць па „справе Ціханоўскага” і знаходзіцца ў СІЗА гродзенскай турмы.

Як паведаміла Вольга Каракіна БелаПАН, яна пачала галадоўку 13 сакавіка, каб падтрымаць Дзмітрыя Фурманава, які абвясціў галадоўку 11 сакавіка. Прычынамі яго галадоўкі стала змяшчэнне ў карцар на пяць сутак. Фурманаў таксама пратэстуе супраць змянення да яго стаўлення ў турме: на працягу апошняга месяца яго пачалі выводзіць за межы камеры, у тым ліку на шпацыр, у наручніках, як небяспечнага злачынцу.

Ці выпусцілі Фурманава з карцара пасля заканчэння тэрміну пакарання, Каракіна не ведае. Найбліжэйшым часам яго плануе наведаць адвакат. Наступнае пасяджэнне суда па справе Фурманава, па якой таксама праходзяць Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга, прызначанае 17 сакавіка.

Пры якіх менавіта ўмовах Фурманаў спыніць галадоўку, Каракіна не ведае. Яна спадзяецца, што яго спыніць яе салідарная галадоўка. Вольга адчувае сябе здавальняюча, з’явіліся галаўныя болі, але дзяўчына працягвае хадзіць на працу, выконваць свае штодзённыя абавязкі.

Дзмітрыя Фурманава затрымалі ў Гродне 29 мая 2020 года на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Яго абвінавачваюць на падставе артыкула 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле абвінавачання, ён разам з Мікалаем Статкевічам, Паўлам Севярынцам з 2019 года рыхтаваліся да масавых беспарадкаў, распаўсюджвалі інфармацыю пра гэта, шукалі людзей, якія маглі б узяць у іх удзел. Фурманаву пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Вольга Каракіна восенню мінулага года з’ехала ад пераследу ў Літву. Яе судзілі за ўдзел у мітынгах, выклікалі ў Следчы камітэт. Яна часова жыве і працуе ў Вільні, удзельнічае там у акцыях салідарнасці з Беларуссю.