Сяргей Будкін заклікаў прызнаць гарадзенскага музыку Ігара Банцэра палітвязнем



Музычны журналіст Сяргей Будкін апублікаваў эмацыйны зварот да праваабаронцаў з заклікам прызнаць палітзняволеным гарадзенскага музыку Ігара Банцэра, які 12 дзён трымае сухую галадоўку.

«Ігар 12-ты дзень трымае сухую галадоўку — нічога не есць і не п’е. Пры абвяшчэнні галадоўкі ён заявіў, што яго справа мае палітычныя матывы. Ён жывы, хоць можа памерці ў любую хвіліну. Дактары кажуць, што без ежы і пітва чалавек можа выжыць да 10 дзён. Жонка Ігара кажа, што ўчора ў яго быў адвакат. Ён вельмі схуднеў — скура ды косці. Каты перавялі яго ў іншую камеру, у адзіночную. Адзінае, што ён папрасіў — сродкі для мыцця», — напісаў Сяргей Будкін.  

Ігара Банцэра судзяць за арт-перформанс. Ён станчыў перад міліцэйскім аўто ў майтках. Сам міліцыянт, які за гэтым назіраў, прэтэнзій да яго не мае. Тым не менш, Банцэра ўжо 4,5 месяцаў трымаюць у зняволенні ў жудасных умовах, некалькі разоў кідалі ў карцар. Яму пагражае да 3 гадоў калоніі. Да гэтага затрымання ён ужо адседзеў 18 сутак за ўдзел у пратэсных акцыях.

Наступнае паседжанне па яго справе прызначылі на 14:30 18 сакавіка, гэта будзе 16-ы дзень галадоўкі Ігара Банцэра.

«Гэта палітычная справа, праваабаронцы прачніцеся, калі ласка!!! — заклікае журналіст. — Ігар у 1997-м годзе стаў сябрам „Маладога Фронту”, працаваў у газеце „Пагоня”, супрацоўнічаў з Беларускім Хельсінкскім камітэтам, быў задзейнічаны ў працы Саюзу палякаў у Беларусі, быў галоўным рэдактарам выданняў Magazyn Polski і Głos znad Niemna, неаднойчы праводзіў перформансы на знак пратэсту супраць дзеянняў улады. Не п’е, займаецца тайскім боксам, грае ў панк-гурце. Мае трох дзяцей».

novychas.by