За суткі ў Беларусі зарэгістравана 947 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 947 выпадкаў COVID-19, памерлі восем чалавек з каранавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 658 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў COVID-19 апошнія двое сутак зніжаецца — 14 сакавіка была зарэгістравана 995 выпадкаў, днём раней — 1.182. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 303.270, памерла 2.103 пацыенты з каронавірусам, ачуняла — 294.143.

За мінулыя суткі зроблена 12.395 тэстаў на каранавірус (усяго — 5.113.709).

12 сакавіка падчас візіту ў Маладзечанскую цэнтральную раённую бальніцу (Менская вобласць) міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў журналістам, што ўзровень захворвання на каранавірус у Беларусі зараз на 40% ніжэйшы за пік восеньскай хвалі 2020 года. Кіраўнік міністэрства запэўніў, што сістэма аховы здароўя застаецца ў поўнай гатоўнасці, не аслабляюцца ўсе рэжымныя мерапрыемствы, якія тычацца рэспіраторнага этыкету. „Масачны рэжым застанецца ў нас як мінімум да летняга сезону, а магчыма, і больш. Ён сваю ролю адыграў і будзе адыгрываць у далейшым”, — сказаў чыноўнік.

belapan.by