Нашы навіны



Калі вы кажаце: “Азіятчына нейкая!”, то яўна лічыце сябе прадстаўніком еўрапейскай краіны з высокімі патрабаваннямі да жыцця і свету. Што тут можна думаць пра Іарданію?! Ну, яўна не Францыя або Германія, але…

Новая эпідэмія каронавірусу ўсіх паставіла ў падобныя ўмовы. Дык вось, калі ў Іарданіі праявіліся праблемы з кіслародам, па прычыне якіх загінулі хворыя на ковід пацыенты, міністр аховы здароўя сышоў у адстаўку. А краіна ў цэнтры Еўропы, дзе ўсё да нядаўняга часу было падфоташоплена… Выбачайце, чысценька, акуратненька і спакойна! Дык вось у гэтай краіне не вядома, колькі людзей загінула па прычыне не вядомай да нядаўняга часу аварыі з кіслародам, але міністр аховы здароўя нават падумаць не можа, што павен узяць на сябе адказнасць і сысці. Ну, загінулі людзі – што ж зробіш? Жыццё такое. І падводная лодка “Курск” калісьці патанула. Галоўнае, каб было чысценька, каб на паверхню не выплывалі і не вынырвалі пытанні, на якія мы не можам адказаць.

Чаму замест вырашэння праблемы звальняюць тых, хто іх агучыў? Чаму прымусова перакрываюць кісларод медыкам і адвакатам? Чаму вызываюць на разборкі (выбачайце, на пераатэстацыю!) адваката Сяргея Зікрацкага, прафесіяналізм якога не выклікае пытанняў ні ў калег, ні ў кліентаў, але трывожыць Міністэрства юстыцыі? Чаму дата пераатэстацыі – менавіта 24 сакавіка? Хіба з-за Дня Волі 25-га? Так, гэты дзень можа дадаць кліентаў многім адвакатам у Беларусі. Пэўна, хтосьці зверху пазайздросціў такой запатрабаванасці? Нашы навіны ўсё болей пакідаюць пытанняў і ўсё меней даюць адказаў, калі ж гэта ўсё скончыцца… Чымсьці добрым?

У прамінулую нядзелю ў Беларусі казалі пра дараванне (праваслаўныя!) і адзначалі Масленіцу (пераважная большасць, язычнікі…) Праводзілі зіму і ў сталіцы, і ў Смаргоні, і ў Залессі, і ў Крэве… У сталіцы не абышлося без затрыманняў, а ў Крэве – без запрашэння на размову. Гэта Беларусь. Краіна ў цэнтры Еўропы. Чорны квадрат. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ