Палітвязня Мельнікава за ўдзел у масавых беспарадках асудзілі на пяць гадоў калоніі



У судзе Заводскага раёна Менска 16 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да жыхара Менска, палітычнага зняволенага Аляксея Мельнікава.

Яго абвінавачваюць у злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкула 293 КК РБ Крымінальнага кодэксу — масавыя беспарадкі, піша «Вясна».

Мельнікаў быў затрыманы 4 снежня ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску.

Працэс вяла суддзя Ганна Хвайніцкая. Дзяржабвінаваўца — Качанава.

Дзесятага жніўня 2020 года Аляксей Мельнікаў выйшаў у горад у раёне ўніверсаму «Рыга» па асабістых справах. Пры гэтым ён хацеў асабіста даведацца, што адбываецца ў краіне і ў Мінску, у прыватнасці. Удзелу ў блакаванні вуліц у той вечар не прымаў. Аднак, па ягоных словах, з’явіліся людзі і пачалі заклікаць рабіць блакаванне вуліц. Мельнікаў паспрабаваў драбіць камяні, але ў яго не атрымлівалася.

Затым, па ягоных сведчаннях, на людзей выйшла сцяна АМАПу.

Тады Мельнікаў зняў маску і прапанаваў ім скласці шчыты, і «вырашыць справу мірным шляхам».

Сведка Яхновіч Сяргей, кіроўца тралейбуса 92 маршрута распавёў, што 10 жніўня 2020 года была працоўная змена з 15.30. На ўніверсаме «Рыга» было шмат людзей на пешаходным пераходзе, там ён убачыў сярод людзей камяні. Але настрой быў святочны, агрэсіі ён не адчуваў, не бачыў зброі ў руках людзей. Адзін з камянёў трапіў у кіроўцу, адскочыўшы ад сцяны.

Сваю віну Мельнікаў прызнаў часткова.

Сёння суддзя Хвайніцкая вынесла прысуд: пяць год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама суд пастанавіў прызнаць права на задавальненне матэрыяльнага зыску.