Падземны ход з Дзярэчына да Ружанаў
Нядаўна пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік перадаў мне пісьмо ад Серафіма Татарына (1903-1988) – актывіста ТБШ, рэдактара газеты “Наша праўда” у былой Заходняй Беларусі, вязня польскіх і сталінскіх канцлагераў. Шмат гадоў ён пражываў у вёсцы Вострава на Зэльвеншчыне, недалёка ад Дзярэчына. Гэта пісьмо Серафім Татарын напісаў Уладзіміру Ягоўдзіку ў сакавіку 1976 года.
Пісьмо вельмі цікавае і каштоўнае. Яно напісана на некалькіх старонках вучнёўскага сшытка. Серафім Татарын піша: “Я маю дакладныя дадзеныя пра тое, што з Дзярэчына ёсць падземны ход у самыя Ружаны. Аб гэтым я чуў ад чалавека, які сам ішоў адзін кіламетр гэтым ходам. Далей не можна было ісці. Сапраўды, у сярэднія вякі магнаты з аднаго палаца або замка ў другі пракладвалі такія патайныя хады. Ці ж можна меркаваць, што такі ход быў з Дзярэчына ў Ружаны? Можна! Дзярэчын і Ружаны былі ўладаннямі ўсемагутнага магната Сапегі. Пра гэта я расказваў дырэктару Дзярэчынскай сярэдняй школы і выкладчыку гісторыі. Глуха! А трэба было б там правесці археалагічныя раскопкі. Але ніхто гэтым не цікавіцца…”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя