Агляд прэсы: максімальная празрыстасць



Замежныя СМІ аналізуюць выкарыстанне міліцыяй Беларусі сістэмы распазнавання асобаў. Сірыя патрабуе павышанай увагі свету. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне Biometricupdate аналізуе, як праграмнае забеспячэнне для распазнання асоб, распрацаванае беларускай кампаніяй Synesis у супрацы з Міністэрствам унутраных спраў Беларусі, а таксама іншымі еўрапейскімі кампаніямі, выкарыстоўваецца для адсочвання і ідэнтыфікацыі дысідэнтаў у Беларусі.

«Раней Еўразвяз ужо накладаў санкцыі на Synesis за прадастаўленне ўладам  спецыяльнай платформы назірання для адсочвання асоб, пасля чаго Synesis была рэструктурызавана і некалькі афіляваных кампаній змянілі сваю назву», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Сачэнне за беларусамі адбываецца на падставе праграмнай платформы Kipod, якая адсочвае патрэбных людзей праз відэаназіранне.  Biometricupdate падкрэслівае, што негледзячы на крытыку праваабаронцаў па ўсім свеце, платформа Kipod таксама выкарыстоўваецца ў маскоўскай сістэме метро, а таксама на АЗС у Ірландыі і Вялікабрытаніі. Канадскі буйны вытворца тэхнікі таксама выкарыстоўвае гэтую тэхналогію ў лагістычных цэнтрах Паўночнай Ірландыі.

Тое, што пачалося ў Сірыі ў ходзе Арабскай вясны 2011 года як пратэсты з патрабаваннем простых рэформаў, вылілася ў сапраўдную катастрофу. Па падліках актывістаў, у выніку грамадзянскай вайны ў краіне загінула не менш за 388 тысяч чалавек, мільёны людзей сталі ўцекачамі, дзясяткі тысяч апынуліся ў турмах ці прапалі без вестак.

«Замест таго, каб бяссільна назіраць за тым, што адбываецца з боку, Еўропа і ЗША цалкам маглі б распачаць хоць сякія-такія дзеянні», – піша Süddeutsche Zeitung.

«Еўропа і ЗША маглі б паставіць рэжыму абмежаваныя, але цалкам канкрэтныя прапановы: пастаўкі пшаніцы – у абмен на высвятленне таго, што здарылася са зніклымі без вестак, лекі – толькі ў абмен на вызваленне палонных. А абмежаванні на пастаўкі зброі і санкцыі супраць набліжаных да рэжыму мафіёзі трэба пакінуць у сіле. Вядома, гэта было б вельмі «далікатнае прадпрыемства», бо пакуль што Асад умела рэгуляваў патокі дапамогі з-за мяжы такім чынам, што дапамога гэтая ішла перш за ўсё яму самому. Калі ж нічога не рабіць, то альтэрнатывай будзе працяг людскіх пакутаў. Пакуль тых, хто выжыў падчас вайны, не даб`е голад».

Амерыканскі часопіс Forbes папярэджвае чытачоў, што пасля ўвядзення новых правілаў прыватнасці не варта карыстацца дадаткам Gmail на айфонах. «Google, гэтак жа як і Facebook, з’яўляецца машынай збору дадзеных», – піша выданне і акцэнтуе ўвагу на тым, што правілы прыватнасці Gmail не вельмі прыемныя. «Правілы паштовай службы занадта вялікія і няўцямныя. Мала хто з карыстальнікаў ведаюць, што ідэнтыфікацыйныя дадзеныя і дадзеныя геалакацыі чалавека, напрыклад, наўпрост перадаюцца рэкламадаўцам».

Следам за Даніяй, Балгарыяй і Нідэрландамі выкарыстанне вакцыны ад кампаніі Astrazeneca прыпынілі Германія, Францыя, Італія і Іспанія. Па словах прадстаўнікоў ФРГ, прычынай паслужылі сем выпадкаў рэдкай формы трамбозу сасудаў галаўнога мозгу, якія мелі месца сярод  1,6 мільёна вакцынаваных. На думку СААЗ, прычын для страху няма. Меркаванні еўрапейскіх СМІ падзяліліся. Як адзначае вірусолаг Антанэлі Віёла, неабходна ўважліва вывучыць усе наяўныя на сёння дадзеныя. У сваім артыкуле ў італьянскай газеце La Stampa яна піша:

«Заявы вытворцы аб тым, што ў цэлым вакцына добра пераносіцца, відавочна недастаткова. Сапраўды гэтак жа Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў, не маючы на руках вынікаў ускрыцця целаў памерлых, не можа з упэўненасцю сцвярджаць, што тромбаэмбалічная ўскладненні аніяк не звязаныя з вакцынацыяй», – піша італьянскае выданне і прыводзіць дзве гіпотэзы адмоўных вынікаў дзеяння вакцыны ад Astrazeneca. Першая заключаецца ў тым, што паміж смяротным зыходам і прышчэпкай маецца толькі супадзенне па часе, але не прычынная сувязь. Паводле другой, праблемнай з’яўляецца толькі адна партыя вакцыны. Гэта можа быць выклікана вытворчымі дэфектамі ці  забруджваннем прэпарата.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка