Нарадзіўся тут



“Я нарадзіўся тут і я буду жыць тут…” – падчас гэта няпростае рашэнне! Рашэнне ўпартых.

Няпроста застацца ў  Беларусі – у сталіцы ці абласным цэнтры, у райцэнтры ці мястэчку, у Залессі або Крэве. З’ехаць – таксама крок у невядомасць і выхад з зоны камфорту. З’ехаць і пакінуць свой дом і сад, сям’ю і працу, самога сябе… Каму пакінуць? Дзеля чаго з’ехаць? Зашмат пытанняў і правільных адказаў ніхто не гарантуе. Хіба з тым, што быць сабой – адзіна магчымы варыянт… Не паспрачаешся. Важна заставацца сабой ці то ў Парыжы, ці то ў беларускай вёсцы. І вось тут распачынаецца цікавая гісторыя.

Жыве ў роднай вёсцы чалавек. Перажыў навалу невядомай пошасці і няпростыя для ўсіх часы каранціну. Першы год пошасці і першы год недакаранціну! Перажыў даволі спакойна наш гарачы жнівень (без крымінальнай справы, у прыватнасці!) Анамальныя маразы перажыў у вёсцы. Застаўся. Не з’ехаў… Пазваў сяброў Масленіцу адзначыць (на свой падворак!) Песні паспяваць, патаньчыць трохі, блінцоў паесці… І тут не дагадзіў! Міліцыя палічыла незаконным частаванне блінамі, спевы і танцы на сваім падворку! Вось у Залессі каля Дома культуры святкаваць можна, у Вялейцы ды Смургонях – можна, а ў Крэве – не! Бо дазволу ў начальства не запыталі.

Крэатывіць мясцовай супольнасці дазваляецца толькі пад пільным наглядам райвыканкама. Найболей ухваляецца супольнае  ж атрыманне і спажыванне еўрапейскіх грантаў (быў час, была эпоха!), а гасцей пазваць і правесці нефармальную сустрэчу на сваёй сядзібе – не! Тут мы вас запрашаем на размову ў міліцыю (пакуль – ветліва!) і маем на выхадзе адміністрацыйны працэс 24.23 ч.2. (арганізацыя несанкцыянаванага частавання блінамі?)

І што далей? Вялікдзень і Купалле, вяселлі, юбілеі і сяброўскія бяседы – таксама пад забаронай? Галоўнае ж пытанне цяпер для многіх – як заставацца сабой, застаўшыся дома, у сваёй хаце? Бо кінуць іншым – занадта вялікая раскоша, але ж і ладзіць гешэфты з сумленнем – справа сумніўная… У доўгатэрміновай перспектыве.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ