Пракуратура патрабуе больш цяжкага выраку для Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна



Пракуратура лічыць, што пакаранне «не адпавядае цяжкасці злачынства з прычыны мяккасці». Генеральная пракуратура накіравала ў Менскі гарадскі суд апеляцыйную скаргу адносна крымінальнай справы супраць журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна.

Іх затрымалі ў лістападзе па крымінальнай справе аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч. 3 арт. 178 КК). 2 сакавіка суддзя Святлана Бандарэнка пакарала журналістку Кацярыну Барысевіч рэальным тэрмінам – 6 месяцаў калоніі – і штрафам 2900 рублёў. Арцём Сарокін атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і 1450 рублёў штрафу. Як кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў – цяжка зразумець логіку пракурораў па гэтай чыста палітычнай справе.

– Нейкі ціск у дачыненні да журналістаў зрабіць. Шчыра кажучы, нашая пракуратура дзейнічала па палачнай сістэме. І ў іх ёсць план па шмат якіх справах. Яны проста падаюць пратэсты ні аб чым. Літаральна на адзін аркуш, дзе нічога толкам не распісана. Але ж гэта справа палітычна матываваная, і ведаем, што скаргі рыхтуюцца ад імя абвінавачаных па гэтай справе. Як мінімум адна скарга рыхтуецца.

12 журналістаў зараз пад пераследам, з іх 11 – за кратамі. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова (апеляцыйную скаргу журналістак «Белсату» разгледзяць 23 красавіка ў Менскім гарадскім судзе. Іх на два гады калоніі агульнага рэжыму асудзілі за стрым з плошчы Пераменаў). За кратамі 6 супрацоўнікаў „Беларускага прэс-клуба”. Гарадзенскі журналіст Дзяніс  Івашын за кратамі ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса  — „Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў”. Сяргей Гардзіевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам па абвінавачанні ў абразе Прэзідэнта РБ (арт 368 КК). У Гародні сёння затрымалі Яна Романа. Паводле папярэдняй інфармацыі, журналіста вінавацяць у фінансаванні пратэстаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: AP – Ramil Nasibulin