Ці атрымаецца пабудаваць у Беларусі “лічбавы канцлагер”?



Кіраўнік дзяржавы даў загад сваім падначаленым “выкарыстоўваць вопыт Кітая” пры кантраляванні Інтэрнэту. У паведамленнях дзяржаўных СМІ, якія раскрылі некаторыя дэталі тэматычнай нарады, гаворыцца пра тое, што ў дадзены момант нібыта рыхтуецца комплексны ўказ. У гэтым нарматыўным акце будзе прапісана некалькі важных момантаў, звязаных з рэгуляваннем сусветнага павуціння. У прыватнасці, зазначаецца, што новы ўказ дазволіць “засяродзіць наяўныя рэсурсы…, стварыць адзіны орган дзяржрэгулявання, максімальна выкарыстаць вопыт Кітая ў пабудове лічбавага грамадства…”.

Нягледзячы на лаканічнасць падачы надзвычай важнай інфармацыі, якая датычыць усяго беларускага грамадства, сякія-такія высновы можна зрабіць. З усіх пералічаных пунктаў найбольш верагодным з’яўляецца жаданне выкарыстаць кітайскі вопыт цэнзуравання Інтэрнэту. Але распрацоўшчыкі ўказу забываюцца, што для практычнага ўкаранення кітайскага досведу патрэбныя каласальныя рэсурсы. Для даведкі: у адным Кітаі каля 2 млн чалавек працуюць толькі на выяўленне кантэнту, які дыскрэдытуе ўладу. Больш за тое, у розных рэгіёнах гэтай краіны створаныя цэлыя падраздзяленні віртуальных прапагандыстаў, якія атрымліваюць грошы за кожны пост у падтрымку мудрай кампартыі. Калі Кітай з ягонай магутнай эканомікай і каласальнымі чалавечымі рэсурсамі, можа сабе дазволіць такі падыход, то Беларусь, якая ў дадзены момант падышла да трывожнай рысы з рэкордным знешнім доўгам, наўрад ці дасць рады з перайманнем такога вопыту.

Разам з тым, калі мы гаворым пра выкарыстанне кітайскага падыходу ў плане цэнзуравання Інтэрнэту, варта разумець, што шалёна дарагое абсталяванне па блакаванні замежных сацыяльных сетак, сайтаў навінаў і асобных артыкулаў, – гэта толькі адзін бок медалю. Пры жаданні тэхнічна падкаваны кітаец даволі лёгка можа абысці “вялікі кітайскі фаервол”. Аднак большасць насельніцтва гэтым не займаецца па адной простай прычыне: кітайцы ў асноўнай масе ніколі не ведалі і не ведаюць, што такое свабодны Інтэрнэт. Здаецца, знакаміты бізнесовец Стыў Джобс, разбудоўваючы сваю бізнес-імперыю, выказаўся пра тое, што чалавек ніколі не будзе нечага жадаць, калі раней не бачыў аб’ект жадання. Так і многія грамадзяне Кітая, якія ніколі не гойсалі па свабодным Інтэрнэце, не чыталі незалежнай прэсы, не камунікавалі ў “Фэйсбуку”, не заходзілі на “Вікіпедыю”, проста не разумеюць каштоўнасці вольнага перамяшчэння па віртуальным свеце. Адпаведна, галоўны інструмент кітайскага ўраду – гэта зусім не высокая тэхналагічнасць, а імкненне пазбавіць сваіх грамадзянаў хоць-якога жадання быць свабоднымі ў глабальным павуцінні. А для стварэння ілюзіі такой свабоды ў Кітаі створаныя свае сацыяльныя сеткі, у якіх, праўда, свае сапраўдныя думкі наконт рэчаіснасці доўга не паразмяшчаеш. Згадайма нядаўні выпадак з кітайскім лекарам Лі Вэньлянем, які ў лютым 2020 года спрабаваў папярэдзіць свет пра небяспеку каронавіруса, за што трапіў пад пераслед паліцыі. А праз год смелы лекар сам памёр у выніку ўскладненняў ад COVID-19.

Такім чынам, колькі б урад Беларусі не ствараў органаў, адказных за рэгуляванне Інтэрнэту, дасягнуць кітайскага поспеху ў стварэнні “лічбавага канцлагеру” наўрад ці атрымаецца. Два галоўныя складнікі эфектыўных захадаў кампартыі Кітаю (рэсурсы і згода кітайцаў на самацэнзуру) у беларускай рэчаіснасці проста адсутнічаюць. Адпаведна, акрамя дадатковага напружання ў грамадстве, захады кіраўніцтва краіны ні да чаго не прывядуць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ