Суд не задаволіў скаргу на працяг тэрміну ўтрымання пад вартай Марыі Калеснікавай
Суд Партызанскага раёна Менска не задаволіў скаргу на працяг тэрміну ўтрымання пад вартай Марыі Калеснікавай. Яна застанецца пад арыштам да 8 траўня, паведаміў тэлеграм-канал былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, у штабе якога Калеснікава была каардынатарам.
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыя Калеснікава была затрыманая 7 верасня 2020 года ў цэнтры Мінска. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў КР Антона Раднянкова і Івана Краўцова сілком павезлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
У верасні Калеснікавай было выстаўленае абвінавачванне „ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт” (ч. 3 арт. 361 КК). У лютым ёй таксама было выстаўленае абвінавачванне ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК) — маецца на ўвазе КР.
Калеснікава ўтрымліваецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.
Марыя Калеснікава стала лаўрэатам Міжнароднай жаночай прэміі за храбрасць па выніках 2020 года. Гэтую прэмію ў 2007 годзе заснаваў Дзярждэпартамент ЗША.