Змітра Казакевіча аштрафавалі на 1740 рублёў за журналісцкую працу



У судзе Першамайскага раёну Віцебску разбіралі дзве адміністрацыйныя справы, распачатыя  за супрацу без акрэдытацыі з замежным СМІ.

 

Падставай для разбіральніцтва сталі два артыкулы, размешчаныя сёлета ў лютым на інтэрнэт-сайце тэлеканала “Белсат”.  У абодвух пратаколах, якія адрозніваюцца толькі назвамі артыкулаў, сказана, што Зміцер Казакевіч “незаконна вырабіў іх, злоўжываючы правамі і парушаючы абавязкі журналіста”. Спадар Казакевіч выступіў перад судамі з кароткай прамовай і адмовіўся ад далейшых тлумачэнняў:

– Я адмовіўся ад далейшых тлумачэнняў на знак салідарнасці са зняволенымі журналістамі, найперш – з маімі каляжанкамі Дашай Чульцовай і Кацяй Андрэевай. У Беларусі 291 палітвязень – на знак салідарнасці з імі, зважаючы на іхнія пакуты, іхнюю няволю.

Суддзі Андрэй Шыдлоўскі і Вераніка Барысава падтрымалі абвінавачанні міліцыі і прысудзілі Змітру Казакевічу два штрафы па 30 базавых велічынь – максімальнае пакаранне, прадугледжанае заканадаўствам  паводле часткі 3 артыкула 23.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Працытаваўшы ў сваёй прамове  раман-антыўтопію Джорджа Оруэла “1984”, Зміцер Казакевіч прапанаваў гэтую кнігу ў падарунак суддзю Андрэю Шыдлоўскаму. Журналіст падкрэсліў, што жыццё ў сучаснай Беларусі вельмі нагадвае гэты твор – панаваннем адзінай ідэалогіі  і праявамі несправядлівасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск