Зміцер Афанасенка: Напэўна перад 25 сакавіка запалохваюць



Ператрусы ў музыкаў Змітра Афанасенкі, вакаліста гурта «Amaroka», і Алеся Дзянісава з „Дзецюкоў”. Магчымы акцыя запалохвання напярэдадні Дня волі. Звычайна музыкі актыўна ў гэты дзень выступалі.

Паводле Змітра Афанасенкі, у яго ператрус адбываўся на падставе даносу пра тое, што ён і ягоны брат «арганізавалі штаб БНФ, дзе ёсць зброя і выбуховыя рэчы». Прыйшлі тры чалавекі з крымінальнага вышуку, заявілі, што паступіла папера ад кагосьці па прозвішчы Дзяркач, што нібы ён з братам «вырабляе для БНФ выбухоўку». Чаму менавіта зараз прыйшлі да музыкаў? У нашым эфіры свае здагадкі выказаў Зміцер Афанасенка:

– Выглядае, што ішлі, вядома, да мяне. Перастрахаваліся і прыехалі туды, дзе я жыў раней, дзе я зарэгістраваны. Затым прыехалі да мяне, дзе я стала жыву ў садовым таварыстве. За што і чаму яны зараз прыйшлі? Таму што гэта напэўна нейкае запалохванне і перастрахоўка перад 25 сакавіка. Таму што яны чагосьці чакаюць. Чагосьці баяцца моцна. Таму вось і прыходзяць да мяне і да кагосьці яшчэ.

У Гародні сёння раніцай таксама затрымалі журналіста Яна Романа, у яго дома правялі ператрус, забралі тэхніку. Зараз журналіст на волі. У кватэры гарадзенскага музыкі і журналіста Алеся Дзянісава правялі агляд. Музыкі самога ў горадзе няма.

Беларускае Радыё Рацыя