Да трох гадоў абмежавання волі прыгавораны менчук за ўдзел у акцыі на „плошчы Перамен”



Суд Цэнтральнага раёна Менска 17 сакавіка прыгаварыў 43-гадовага менскага архітэктара Вадзіма Дзмітронка да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На час абскарджання прысуду ён адпушчаны з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Дзмітронак быў затрыманы 15 лістапада 2020 года на так званай плошчы Перамен (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску). Пры затрыманні быў моцна збіты, пасля дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені, драпінамі, ударамі і іншымі траўмамі.

Першапачаткова Дзмітронак абвінавачваўся паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 296 (незаконны выраб або збыт халоднай зброі), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або мелі вынікам парушэнне работы транспарту ці арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях); арт. 14 (замах на злачынства), ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках).

Справу разглядала суддзя Таццяна Акавітая. Падчас працэсу адбылася замена пракурора з Арцёма Цвяткова на Івана Процкага. Новы абвінаваўца зняў тры артыкулы, пакінуўшы толькі 342-гі.

Сведка — супрацоўнік ГУБАЗіК — паведаміў у судзе, што абвінавачаны выкрыкваў лозунгі і абразлівыя выразы ў бок супрацоўнікаў, падбухторваў натоўп. А калі людзі пайшлі за ім, ён адышоў убок і знік, міліцыянеры пачалі ўжываць святлошумавыя гранаты. Супрацоўнік ГУБАЗіК запомніў падсуднага па доўгай барадзе, куртцы цёмнага колеру і заплечніку, адзначыў, што на ім была чорная маска, з-пад якой было відаць бараду. Руху транспарту Дзмітронак не перашкаджаў, бо транспарт не хадзіў.

Пасля, у момант затрымання, абвінавачаны нібыта супраціўляўся сілавікам, хапаўся за абмундзіраванне, спрабаваў вырвацца і наносіць удары ў вобласць жывата. Сам сведка трымаў затрыманага за руку, фізічную сілу да яго не ўжываў. Затрыманне праводзілі каля 10 супрацоўнікаў. Сведка не браў удзелу ў асабістым вобшуку, але бачыў, што знайшлі пры ім. Паводле яго слоў, ён не бачыў, каб Дзмітронка збівалі.

Абаронца абвінавачанага звярнула ўвагу на шэраг супярэчнасцяў у паказаннях, дадзеных сведкам падчас суду і на папярэднім следстве: не супадае апісаны колер курткі, месца і час затрымання, а таксама той факт, што ён мог бачыць чорную бараду Дзмітронка, бо на ім быў шалік, што закрываў ніжнюю палову твару і шыю.

У апошнім слове Дзмітронак заявіў, што не зрабіў нічога супрацьзаконнага, каб адчуваць згрызоты сумлення і віну. Ён лічыць, што, магчыма, яго трэба прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве паводле арт. 24.23 КоАП, але і тут яго віна пад пытаннем, бо 15 лістапада на „плошчы Перамен” „быў не мітынг”, а „людзі сабраліся стыхійна, каб ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі”. Асабісты ўдзел у гэтым Вадзім Дзмітронак лічыць „сваім грамадзянскім абавязкам” і не бачыць нічога дрэннага ў тым, што людзі хацелі выказаць сваю пазіцыю і павагу загінуламу.

Яго віну паводле арт. 342 прызналі даказанай. Акалічнасцю, што змякчае віну, стала наяўнасць малалетніх дзяцей, той, што абцяжарвае, — здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці.

belapan.by