„Ігар, хутка ўбачымся!” – акцыя падтрымкі Ігара Банцэра



„Ігар, хутка ўбачымся!” – акцыя падтрымкі Ігара Банцэра прайшла ў Беластоку. Перад консульствам Беларусі з бел-чырвона-белымі сцягамі сустрэліся сябры вядомага музыкі і дзеяча Ігара Банцэра, які ад кастрычніка сядзіць у гарадзенскай турме. Ігар працягвае галадоўку, а ўлады Беларусі адкладаюць судовую справу. Таму сябры Ігара з абодвух бакоў мяжы вырашылі прыйсці пад беластоцкае консульства, каб выказаць салідарнасць з музыкам і сваё негатыўнае стаўленне да рэпрэсій у Беларусі. 

Сярод прысутных быў таксама Дзяніс, які сядзеў з Ігарам у турме на Кірава ў Гародні:

– Я з ім разам сядзеў у гарадзенскай турме на Кірава. Пасля суда мяне прывялі ў камеру, дзе быў Ігар і яшчэ два чалавекі – Павел і Сяргей. Ігар тады на судзе запатрабаваў адваката і аб’явіў галадоўку. Не сухую, а проста галадоўку. І літаральна праз гадзіну мы даведаліся, што нам адключылі ў камеры ваду.

– Сітуацыя ненармальная, таму трэба пратэставаць. Калі чалавек ідзе на бескампрамісны спосаб пратэсту, то мы павінны быць салідарнымі.

– Пакуль яго стан стабільны. Але мы спадзяёмся, што гэта хутка скончыцца.

– Са жніўня 2020 года, як сказаў адзін клоўн, у нас не да законаў, і таму зараз я не ведаю, што будзе. Яго, напэўна, не выпусцяць. Я спадзяюся, што ён спыніць галадоўку. Ён ужо даказаў усім, што ён  барацьбіт. Спадзяюся, што спыніць і мы хутка пабачымся.

У зняволенні Ігар Банцэр знаходзіўся ў штрафным ізалятары, быў пазбаўлены сустрэч з сям’ёй і накіраваны на прымусовую псіхіятрычную экспертызу. Нейкі час праваахоўныя органы не падавалі ніякай інфармацыі пра Ігара. Такім чынам сваякі і сябры актывіста на той момант не ведалі пра яго месцазнаходжанне і стан.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя