Агляд прэсы: ні канца, ні краю



Крызіс з правамі чалавека ў Беларусі. СМІ разважаюць, ці ўяўляе Новая Сірыя пагрозу Блізкаму Усходу. Новыя планы Вялікабрытаніі: атамы і акіяны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне Аtlantic Сouncil факусуе ўвагу вакол наяўнага крызісу з правамі чалавека ў Беларусі. «Хоць дакладныя лічбы яшчэ не пацверджаны, праваабарончыя арганізацыі лічаць, што  цяпер амаль 300 беларусаў знаходзяцца ў зняволенні ў якасці палітвязняў рэжыму Лукашэнкі», – адзначае выданне і дае наступную ацэнку сітуацыі. «Цяпер у Беларусі адбываецца амаль, напэўна, найбуйнейшая ў Еўропе арганізаваная кампанія палітычных рэпрэсій з моманту заканчэння халоднай вайны».

Аtlantic Сouncil заўважае, што сотні палітвязняў, якія зараз утрымліваюцца ў Беларусі, паходзяць з розных слаёў грамадства і ўяўляюць сабой шырокі пласт беларускага грамадства. Іх аб’ядноўваюць абвінавачванні ва ўдзеле ў масавым і негвалтоўным руху за спыненне 26-гадовай дыктатуры ў Беларусі і пераход да больш дэмакратычнай сістэмы кіравання.

«Той Сірыі, якая калісьці была адной з найважнейшых пагрозаў для Ізраіля, больш няма», – робіць выснову The Times of Israel і разважае над тым, з кім цяпер суседнічаюць ізраільцяне. Новы рэжым Асада, які мае падтрымку Расеі і Ірана, больш небяспечны для Ізраіля, чым раней.

«Калапс сірыйскай дзяржавы – гэта праблема не толькі для сірыйцаў. Яго эфект выйшаў за межы краіны. Мільёны сірыйцаў пакінулі свае дамы, стварыўшы крызіс бежанцаў у Турцыі, Іраку, Іярданіі, Ліване. У Еўропе разгарэліся разлютаваныя спрэчкі па такіх базавых пытаннях як еўрапейская ідэнтычнасць і правы чалавека пасля таго, як у рэгіён хлынулі сірыйскія ўцекачы. Гвалт пагражаў распаўсюдзіцца на Іарданію і Ізраіль, а вядучыя выданні (New York Times, BBC, The New Yorker) задаваліся пытаннем, ці стане грамадзянская вайна ў Сірыі канцом таго Блізкага Усходу, які быў створаны ў 1916 годзе падпісаннем Пагаднення Сайкса – Піка, які падзяліў рэгіён на асобныя дзяржавы», – падкрэслівае ізраільскае выданне.

Пасля выхаду са складу Еўразвязу, Вялікабрытанія вырашыла зноўку выбудаваць сваю знешнюю і абаронную палітыку. У аўторак прэм’ер-міністр краіны Барыс Джонсан прадставіў Палаце абшчын новую знешнепалітычную дактрыну пад назвай Глабальная Брытанія (Global Britain). Згодна з гэтай стратэгіяй, Велікабрытанія ва ўмовах з’яўлення новых пагроз будзе рабіць упор на ўмацаванне свайго ядзернага арсенала, а таксама пашырэнне ўплыву ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, які стаў, па словах Джонсана, новым «геапалітычным і эканамічным цэнтрам прыцягнення свету».

На думку Frankfurter Allgemeine Zeitung, нядзіўна, што Лондан мае намер перамясціць фокус сваёй знешняй палітыкі на Інда-Ціхаакіянскі рэгіён:

«Цяпер менавіта гэты рэгіён шмат у чым задае тон у аркестры глабальнай эканомікі. І Лондан не жадае заставацца простым слухачом у партэры. Менавіта ў гэтым рэгіёне сёння вырашаецца пытанне таго, хто выйдзе пераможцам у сістэмным канфлікце паміж аўтарытарнымі рэжымамі і дэмакратыямі, у барацьбе паміж дзяржаўным капіталізмам і рынкавай эканомікай. Аднак паглядзім, як далёка зможа прасунуцца брытанскі ўрад у адзіноце, не будучы сябрам сталых альянсаў».

Швецыя папоўніла сабой спіс краін ЕЗ, якія часова прыпынілі выкарыстанне вакцыны ад кампаніі Astrazeneca. Пры гэтым Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў мае намер да чацвярга правесці праверку на прадмет наяўнасці сувязі паміж ужываннем вакцыны і з’яўленнем рэдкай формы трамбозу, зафіксаванай у некалькіх пацыентаў, якія прайшлі вакцынацыю. Меркаванні еўрапейскіх СМІ пра гэтым радыкальна разыходзяцца. На фоне агульнай большасці  прыхільнікаў пачакаць з вакцынацыяй рэзка вылучаецца дырэктар Фестывалю навукі ў Бухарэсце Аляксандр Тама Петрашку, які ў сваім артыкуле ў румынскім выданні Contributors на прыкладзе Румыніі тлумачыць, чаму прыпыненне вакцынацыі з’яўляецца смяротнай памылкай:

«Цяпер у нас штодня захворвае пяць тысяч чалавек. За два тыдні гэты прырост складзе 70 тысяч – пры насельніцтве ў 20 мільёнаў. Калі вакцынацыя мільёна чалавек адкладзецца на два тыдні, гэта значыць, што ўвесь гэты час яны не будуць абаронены ад хваробы! За гэты прамежак часу тры з паловай тысячы з іх захварэюць, 15 або 20 – памруць, а многія атрымаюць хранічныя праблемы з сэрцам ды лёгкімі. Перанясіце гэты прыклад на ўсю Еўропу – і вы ўсведамляеце маштаб праблемы».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка