Палітвязню Ягору Сугойдзю пагражае два гады зняволення
Два гады пазбаўлення волі запытаў пракурор для 31-гадовага палітвязня Ягора Сугойдзя, якога абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Ягора Сугойдзя ноччу 9 жніўня 2020 года ў раёне стэлы „Мінск — горад-герой”, як мяркуецца, збіў аўтазак. Пасля інцыдэнту ён быў збіты супрацоўнікамі АМАПа і трапіў у бальніцу, а затым змешчаны пад варту.
Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Дзяржабвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Арцём Цвяткоў.
У судзе абвінавачваны расказаў, што 9 жніўня гуляў з сябрам па Менску. Паводле яго слоў, абставінаў інцыдэнту ён не памятае: памятае толькі, што збівалі мірных людзей. Ён паведаміў, што ў той вечар ля стэлы сабраліся людзі, сімволікі ў іх не было, лозунгаў яны не выкрыквалі. Супрацоўнікі міліцыі, сказаў Сугойдзь, „ахоўвалі статуі”, а потым „ім, мабыць, надакучыла ахоўваць і яны сталі разганяць людзей — бралі тых, хто трапляў пад руку”. Пасля гэтага, адзначыў абвінавачваны, міліцыя пачала збіваць тых, каго акружыла, у тым ліку і яго.
Сугойдзь таксама распавёў, што атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, таму дрэнна памятае абставіны інцыдэнту, а таксама ён не чуе на правае вуха.
Паводле аднаго з пратаколаў допыту, Сугойдзь адзначаў, што „не ўдзельнічаў у масавых беспарадках і прызнае толькі знаходжанне ў месцы падзей падчас шэсця людзей, астатняе не прызнае”. Паводле іншых матэрыялаў справы палітвязень таксама распавядае, як за ім гналіся супрацоўнікі, павалілі яго на зямлю, потым паднялі. Ён не памятае, ці збівалі яны яго, як аказвалі дапамогу работнікі хуткай.
Абвінавачванне настойвае, што Сугойдзь мог атрымаць траўмы з-за падзення на аўтазак, дакладна вызначыць іх крыніцу немагчыма. Цвяткоў хадайнічаў далучыць да справы заключэнне судмедэксперта. Памочнік пракурора ўпэўнены, што дзеянні абвінавачанага паводле ч. 1 арт. 342 вызначаныя дакладна. Сведкі растлумачылі, што людзі акружылі аўтазак, і таму не атрымалася з’ехаць, тады было вырашана паспрабаваць на нізкай хуткасці выехаць — у аўтазак кідалі розныя прадметы, у тым ліку бутэлькі з запальнай сумессю.
Доказам віны Сугойдзя абвінавачванне лічыць і тое, што для апазнання сведкам далі некалькі прадметаў адзення, і яны паказалі на той, што належаў падсуднаму. Паводле паказанняў сведак, калі абвінавачаны заскочыў на капот аўтазака, яго прасілі злезці, але ён адмовіўся. Тады аўтамабіль пачаў рух, які абвінавачваны ўпаў, яго аб’ехалі.
Цвяткоў настойвае, што абвінавачваны не падпарадкаваўся патрабаванням сілавікоў, быў у стане алкагольнага ап’янення — гэта пацвярджае выпіска з медыцынскіх дакументаў. Як адзначыў абвінаваўца, акалічнасцяў, што змякчаюць віну, няма, што абцяжваюць, — алкагольнае ап’яненне, распальванне палітычнай варожасці. Ён папрасіў прызнаць Сугойдзя вінаватым і пакараць двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Адвакат адзначыў, што віна не даказаная ў поўным аб’ёме: незразумела, хто знаходзіўся з абвінавачваным у групе і ў чым выяўлялася непадпарадкаванне, удзельнікі групы не ўстаноўленыя. Таксама адвакат падкрэсліў, што апазнанне абвінавачанага не праводзілася — яго пазналі па разрэзе вачэй, што, на думку абаронцы, немагчыма, і па адзенні, у якім летам ходзіць шмат людзей. Таксама адвакат лічыць, што прызнанне было атрыманае пад ціскам, а падабаронны адмовіўся ад дачы паказанняў. Ён адзначыў, што паводле выпіскі з медыцынскага дакумента ў абвінавачанага было зафіксаванае слабое ап’яненне — яно дазваляе аддаваць справаздачу дзеянням. Таксама ў абвінавачанага дыягнаставаная хранічная залежнасць ад алкаголю, і для такіх асоб варта зрабіць выключэнне ад акалічнасці, што абцяжвае віну, лічыць абаронца.
Калі суд вырашыць, што падабаронны вінаваты, адвакат папрасіў прызначыць пакаранне альбо з адтэрміноўкай, альбо ўмоўнае.
Прысуд Ягору Сугойдзю будзе абвешчаны раніцай 19 сакавіка.