У Гародні чарговыя суды. Пракурор патрабуе зняволенне



Судовыя працэсы па крымінальнай справе Аляксандра Арановіча – шафёра аўта-дома блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама справа „чатырох”, ахвяраў сутычкі з АМАПам 27 верасня летась, праходзілi ў Ленінскім раённым судзе Гародні.

Стала вядома, які тэрмін зняволення патрабуе ад суда пракурор Сяргей Петрашка для Міхала Юдзіна, Андрэя Севяртокі, Міхала Яфімовіча і Вадзіма Хіжнякова. За судовымі працэсамі назірае праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель.

– Пракурор запатрабаваў зняволенне – па 2,5 годы ў калоніі агульнага рэжыму для Яфімовіча і Хіжнякова, 4 гады для Юдзіна і 5,5 гадоў для мастаўчаніна Севяртокі. Паспеў сёння выступіць толькі адзін з адвакатаў – Міхаіла Яфімовіча, які амаль гадзіну даводзіў суду ў судовых спрэчках невінаватасць свайго падабароннага.

Паказальна, што калі на пачатку рэпрэсіўнага канвееру ўвосень 2020 года ў АМАПаўцаў чамусьці „не спрацоўваў запіс” на відэарэгістратарах, альбо іх „не выдавалі, пад час нясення службы”, то цяпер з’явілася новая прычына немагчымасці праглядзець у судзе відэаматэрыялы з рэгістратараў АМАПу – адсутнасць праграмнага забеспячэння для раскадзіроўкі відэа ў кампутарах суда.

– На жаль, зноў не адбыўся прагляд відэафайлаў з відэарэгістратараў амапаўцаў, таму што няма такога праграмнага забеспячэння ў судзе, каб яго праглядзець. Таму праглядалі відэаматэрылы з забароненага судом і названага экстрэмісцкім тэлеграм-канала “Страна для жизни”. Зноў праглядалі стрымы Сяргея Ціханоўскага па гарадах.

Наступнае паседжанне па справе Арановіча будзе выязным. Пройдзе ў абласным судзе 19 сакавіка, дзе праз скайп адбудзецца допыт сведкаў па справе Ціханоўскага.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя