Агляд прэсы: паўтор пройдзенага



Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Старэйшая ізраільская газета Haaretz надрукавала матэырял пра выпадак у Гомелі, калі свастыка і сімвалы СС былі нядаўна напісаныя аэразолем на беларускай сінагозе. Выданне адзначае, што пранацысцкія дэманстрацыі вельмі рэдкія ў Беларусі.

«У гэтай краіне нацысты забілі больш грамадзянскіх асоб, не звязаных з яўрэямі, чым 800 000 яўрэяў, забітых падчас Халакосту», – падкрэслівае выданне і друкуе дадзеныя пра беларускі горад. «Яў рэі складалі большую частку насельніцтва Гомеля прыблізна на мяжы 20-га стагоддзя і каля траціны ў 1941 годзе, калі ўварваліся нацысты. Нацысты забілі тысячы гомельскіх яўрэяў падчас Халакосту, але шмат хто з іх уцёк у глыб Савецкага Саюзу і выжыў пасля генацыду. Пасля Другой сусветнай вайны ў Гомель вярнулася каля 25 000 яўрэяў. Сёння ў горадзе з паўмільёнам жыхароў жыве ўсяго некалькі соцень яўрэяў».

 

Джо Байдэн прыгразіў Пуціну наступствамі за ўмяшанне Расеі ў выбары ў ЗША ў лістападзе мінулага года, якое мела месца згодна з паведамленнямі амерыканскіх спецслужбаў. «Пуцін «заплаціць» за гэта», – заявіў Байдэн у інтэрв’ю тэлеканалу ABC. На пытанне, ці лічыць ён прэзідэнта Расеі «забойцам», Байдэн адказаў: «Так, лічу».

Як адзначае Frankfurter Allgemeine Zeitung, Байдэн відавочна не настроены станавіцца з Пуціным дружбакамі:

«Менавіта з гэтай прычыны Пуцін асабіста ўхваліў меры, закліканыя сыграць на руку Трампу падчас перадвыбарнай кампаніі. Ён быў зацікаўлены ў пераабранні Трампа, таму што першы прэзідэнцкі тэрмін апошняга, з пункту гледжання Расеі і Кітая, расставіў «важныя» акцэнты: амерыканская палітыка пагрузілася ў хаос, а ў адносінах Вашынгтона з саюзьнікамі пачаўся разлад. Байдэн ж мае намер спыніць распад заходняга альянсу, а гэта мае на ўвазе супрацьстаянне яго праціўнікам».

 

У Польшчы хутка пачнецца локдаун. А вось у Францыі колькасць хворых на каронавірус за апошнія сем дзён склала 252 выпадкі на 100 тысяч чалавек. Тым не менш, улады не плануюць уводзіць новы локдаун. Крамы застаюцца адкрытымі, а школы ў асноўным працуюць у нармальным рэжыме. Замест локдауна кіраўніцтва краіны робіць стаўку на такія меры, як строгія загады па нашэнню масак, захаванне каменданцкай гадзіны і тэставанне – да таго часу, пакуль большая частка насельніцтва не будзе прышчэпленая.

Французская газета Les Echos не верыць у тое, што ад чарговага локдауна будзе хоць нейкая карысць:

«Хаця абмежаванні ў цэлым застаюцца найбольш эфектыўнай мерай, нельга разлічваць на тое, што прапанаванае ўзмацненне жорсткасці санітарных нормаў дасць адчувальныя вынікі. Перш за ўсё, у краіне ўжо дзейнічае цэлы шэраг абмежаванняў, уведзена каменданцкая гадзіна, зачыненыя цэлыя галіны эканомікі. Акрамя таго, людзі наўрад ці будуць старанна выконваць новыя патрабаванні. Эфект нечаканасці і паніка перад невядомым на той час вірусам, якія мелі месца пры першым локдауне, ужо не паўторацца. Увосень насельніцтва краіны прадэманстравала, што пропускі на выхад з хаты не праблема: людзі навучыліся вынаходліва вырашаць яе».

 

Чатыры гады таму ўрад Эстоніі ў некаторых рэгіёнах краіны ўвёў бясплатны праезд у грамадскім транспарце . Тым самым улады стрымалі адно з перадвыбарных абяцанняў, дадзеных выбаршчыкам Партыяй цэнтра былога прэм’ер-міністра Юры Ратаса. Аднак, як паказала статыстыка, колькасць карыстальнікаў грамадскага прыгараднага транспарту за гэты перыяд не вырасла, а колькасць аўтамабілістаў зусім не зменшылася. Ва ўмовах пандэміі попыт на прыгарадныя цягнікі і аўтобусы скараціўся ў яшчэ большай ступені. На думку выдання Eesti Päevaleht, пара спыніць няўдалы праект:

«Новых пасажыраў грамадскі транспарт у сельскай мясцовасці прыцягнуць ня здолеў. Тыя, хто раней ездзілі ў раённы цэнтр на машыне, робяць гэта і цяпер. За тры гады не атрымалася нават ўзгадніць раскладу аўтобусаў і цягнікоў, не кажучы ўжо пра штосьці больш інавацыйнае. Аўтобусныя лініі, рэальны сабекошт якіх складае звыш 100 эўра на пасажыра, варта замяніць на таксоўкі альбо каршэрынгавыя варыянты. Лепш фінансаваць вясковае таксі, чым працягваць ганяць па маршрутах пустыя аўтобусы».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя