Нямецкі гісторык прадставіў свой погляд на гісторыю Гародні



Гісторык з Нямеччыны Фелікс Акерман прадставіў гарадзенцам у „Цэнтры гарадскога жыцця” сваю кнігу „Гісторыя Гародні 1919-1991”. Прэзентацыя адбывалася з дапамогай відэаканферэнцыі з аўтарам і закранула шмат пытанняў з гісторыі гораду.

Пра сваё зацікаўленне Гародняй распавёў Фелікс Акерман:

– Пачаў займацца Гародняй таму, што яна мне спадабалася. З самага пачатку мне здавалася, што гэта цікавы горад. Ён цікавы ў кантэксце Вільні, Львова, у кантэксце перамяшчэння па тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай на Захад, пытаннем, што адбылося з былымі нямецкімі гарадамі на новым захадзе Польшчы. У мяне было такое жаданне зацікавіцца гэтым пытаннем на ўсходзе Другой Рэчы Паспалітай.

Гіcторык Андрэй Вашкевіч лічыць, што Фелікс Акерман пакзаў знешні погляд:

– Фелікс Акерман у першую чаргу цікавы тым, што гэты чалавек з нейкім знешнім і бесстароннім поглядам на гісторыю Гародні. Гэта вельмі важна таму, што гарадзенскія гісторыкі так ці іначай гэта гісторыкі-краязнаўцы. Яны варацца ў сваім уласным катле, збіраюць факты, спрабуюць асэнсаваць, але так шырока глянуць на гісторыю горада ў нейкім больш еўрапейскім кантэксце ім канешне не проста. Фелікс Акерман чалавек бесстаронні. Нельга сказаць, што гэта робіць яго кнігу, яго назіранні ідэальнымі, гэта таксама далёка не так, але тым не менш у першую чаргу гэтым ён цікавы.

Сустрэча-прэзентацыя стала першай у Беларусі прэзентацыяй кнігі нямецкага аўтара і сабрала амаль тры дзясяткі прыхільнікаў гісторыі. Кніга ўпершыню была напісана па-нямецку яшчэ ў 2010 годзе, а беларускі пераклад з’явіўся дзякуючы выдавецтву „Аrche”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча