У Гародні забаранілі спектакль, дзе асуджаецца фашызм
Запланаваная на суботу на сустрэча з акторамі і паказ пастаноўкі «Кадзіш» не адбудзецца, паведамляе гродзенскі Цэнтр гарадскога жыцця.
Актораў Ігара Уланава, Аляксея Станогу, Паліну Левіну, Аксану Машынкову выклікалі ў пракуратуру горада і папярэдзілі, што ў выпадку, калі спектакль убачаць гледачы, пракуратура не выключае ўзбуджэння супраць актораў крымінальнай справы па артыкуле 130 Крымінальнага Кодэксу РБ «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы».
Кадзіш — гэта габрэйская памінальная малітва.
У вольным пераказе прэтэнзіі лукашэнкаўскіх пракурораў гучалі так:
1. У спектаклі «Кадзіш» асуджаецца фашызм. А менавіта з фашыстамі частка беларускага грамадства асацыюе сённяшнюю ўладу. Такія параўнанні непажаданыя ў сённяшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў.
2. У спектаклі «Кадзіш» гаворыцца пра канцлагеры. А менавіта з канцлагерамі частка беларускага грамадства асацыюе сённяшнюю ўладу. Такія параўнанні непажаданыя ў сённяшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў.
3. У спектаклі «Кадзіш» гаворыцца пра трагічны лёс габрэяў у часе Другой сусветнай вайны. А гэта цягне на артыкуле 130 Крымінальнага Кодэксу РБ — «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы.
Занавес! Як кажуць, у нашай палітычнай сітуацыі несыграны спектакль гучыць мацней, чымся поўная зала гледачоў.