Аляксей Шота: За гэтыя грошы я змог бы купіць аўто



12 тысяч рублёў, каля 4 тысяч еўра штрафу, прысудзілі ў Гародні журналісту Аляксею Шоту. Галоўнага рэдактара Hrodna.life аштрафавалі за тое, што нібыта на старонцы рэсурса з’явіліся ўзгадкі пра забаронены ў Беларусі тэлеграм-канал.

Пра прысуд кажа Аляксей Шота:

– Гэта таксама шмат, у любым выпадку, за гэтыя грошы фактычна можна купіць машыну. Таксама канфіскавалі ноўтбук, які быў у рэдакцыі. Уся тэхніка застаецца вынятай. Я так разумею, што яшчэ вельмі доўга будуць трымаць яе на экспертызе і думаць, ці нешта ўзбуджаць па ёй. Акрамя тэхнікі, нагадаю, яшчэ забралі насценныя календары нашы фірмовыя, часопісы, настольныя гульні, усю друкаваную прадукцыю нашу.

Аляксей Шота ўпэўнены, што выплаціць штраф ім дапамогуць чытачы:

– Будзем абскарджваць. Ёсць час, мы яшчэ не атрымалі пісьмовае рашэнне суда. А пасля паспрабуем неяк сабраць грошы ад нашых чытачоў. Ёсць механізмы, як можа збіраць юрыдычная асоба, не толькі фізічная, такую дапамогу цалкам легальна. І, магчыма, будзе сэнс у абласны суд звярнуцца на разгляд справы наноў.

Агулам сёння Аляксею Шоту выпісалі два штрафы  – штраф 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) – як прадстаўніку арганізацыі – і 25 базавых велічынь (725 рублёў) – як фізічнай асобе – па арт. 17.11 КаАП (у рэдакцыі 2003 году) – за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня