Гадавіна Плошчы – 2006



19 сакавіка 2006 года ў Беларусі адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары, і ў той жа дзень пачаліся масавыя пратэсты. Новым для Беларусі стала тое, што людзі з гэтай плошчы не сышлі, і ў цэнтры Менска вырас намётавы гарадок, які праіснаваў некалькі дзён.

„Госця Рацыі” – Вольга Кастрамінава – удзельніца Плошчы-2006. 

РР: Вы былі адной з удзельніц пратэстаў пасля выбараў 2006 года.

Вольга Кастрамінава: Так, безумоўна, бо як заўсёды выбары былі запланаваныя, вынікі – чаканыя. Выйграў Лукашэнка, хаця большасць маіх знаёмых і я сама галасавалі за Аляксандра Мілінкевіча. Таму ўсе выйшлі і плошча Кастрычніцкая была цалкам запоўненая людзьмі. І цікава, што на той момант раптам пачалася моцная завіруха і ў паветры пачуўся гук верталёта, і людзі жартавалі, што Лукашэнка прывёз адмыслова снегу, каб выкінуць на плошчу і нас прагнаць. То бок, там была вясёлая атмасфера і ўсе стаялі, каб неяк змяніць гэтыя вынікі. Бо ніхто ў іх не верыў.

РР: Я таксама памятаю гэтыя падзеі, хоць глядзеў іх па тэлевізары, і гэтае снежнае надвор’е. І мы нават жартавалі, што Лукашэнку нават надвор’е дапамагае. Вы былі на той час студэнткай. Як ставіліся вашыя аднакурснікі, сябры да гэтых вынікаў – больш за 80% за Лукашэку, традыцыйна, дарэчы.

Вольга Кастрамінава: Канешне, у маёй навучальнай установе, а гэта быў БДУ, адразу быў выдадзены загад пра тое, што калі студэнт не з’яўляецца на занятках падчас гэтых дзён Плошчы, ён выключаецца з ВНУ. І ціква, што была такая вусная заўвага, што калі будзе заўважаны тэрмас, то таксама чалавек можа быць адлічаны. Большасць маіх аднагрупнікаў, канешне, хацела стаць добрымі спецыялістамі, і, напэўна, я была адзіная з групы, хто хадзіў толькі на некалькі параў і насіў з сабой тэрмас у БДУ, каб паказаць сваю пазіцыю. Але збольшага я правяла гэты час на самой Плошчы.

РР: У 2020 годзе крыху іначай разгарнуліся пратэстныя падзеі ў Беларусі. Не было намётавага мястэчка, але пратэсты не згаслі, а працягваюцца, можна сказаць, і па сённяшні дзень. І ў нас наперадзе Дзень Волі. Як вы мяркуеце, ці будзе ён праходзіць іначай, чым штогод 25 Сакавіка?

Вольга Кастрамінава: Я думаю, што людзі ўсё роўна выйдуць, таму што 25 Сакавіка ў нас ўжо такі нажыты рэфлекс – выходзіць. Хоць, канешне, будуць затрыманні. І я спадзяюся, што ўсё атрымаецца ў тых, хто выйдзе. І хочацца, каб усе збераглі здароўе, жыцці і хай усіх зберажэ Бог!

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters