Мікалай Клімовіч: Пінчукоў выклікаюць у пракуратуру і запалохваюць



У Пінску актывістаў і гараджан, якія праявілі сябе цягам паслявыбарчых пратэстаў, выклікаюць у пракуратуру. Іх папярэджваюць пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на Дзень Волі і наступствах. Грамадзянам прапануюць падпісаць паперу, што з імі праведзена прафілактычная гутарка.

Сярод выкліканых – пінскі блогер Мікалай Клімовіч. Ён гаворыць, што гэта звычайнае запужванне:

– Гэта акцыі запужвання, для таго, каб людзей запужаць, каб людзі нікуды не высоўваліся, каб людзі нідзе не з’яўляліся. Таму што выдатна разумеюць, што ў многіх, калі яны недзе працуюць, і гэта адзіная крыніца заробкаў, справа можа дайсці да звальнення. І ўлады яны ведаюць, калі такіх людзей яны будуць запужваюць, то яны канешне, каб пракарміць сваю сям’ю, будуць маўчаць.

У Пінску гарадская арганізацыя сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” яшчэ напачатку сакавіка падала заяўку на правядзенне мітынгу з нагоды 103-й гадавіны БНР. Адказу дагэтуль няма, але ёсць ціск.

Беларускае Радыё Рацыя