Беларускае пытанне будуць абмяркоўваць падчас візіту дзяржсакратара ЗША Блінкена ў Брусель
Пытанне аб Беларусі будуць абмяркоўваць на сустрэчах дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена з прадстаўнікамі Еўразвяза падчас яго візіту ў Брусель, паведаміў памочнік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства па пытаннях Еўропы і Еўразіі Філіп Рыкер 19 сакавіка на брыфінгу ў Вашынгтоне.
Дзяржсакратар ЗША будзе знаходзіцца ў Бруселі 22—25 сакавіка для ўдзелу ў міністэрскай канферэнцыі НАТА, сустрэч з лідарамі Еўразвяза і афіцыйнымі асобамі Бельгіі.
„Што да Беларусі, то я чакаю, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на нашых сустрэчах з прадстаўнікамі ЕЗ, — сказаў Рыкер. — Мы адназначна падзяляем асуджэнне рэжыму Лукашэнкі за ўжыванне ў Беларусі гвалтоўнай і вельмі рэпрэсіўнай тактыкі супраць мірных дэманстрантаў. Мы аб’ядналіся ў пытанні санкцый і ў закліках да спынення рэпрэсій, вызвалення вялікай колькасці палітычных зняволеных і, вядома, правядзення свабодных і справядлівых выбараў”.
Памочнік дзяржсакратара адзначыў, што ЗША і ЕЗ захопленыя беларускім народам, асабліва жанчынамі, якія мірна дэманструюць сваё права ўдзельнічаць у рашэннях аб будучыні сваёй краіны.
Рыкер таксама адзначыў, што прызначаная паслом ЗША ў Менску Джулі Фішэр знаходзіцца ў цесным кантакце з еўрапейскімі саюзнікамі. „Некалькі тыдняў таму яна наведала Вільнюс, Варшаву, Стакгольм, каб сустрэцца з прадстаўнікамі пратэстнага руху, а таксама з нашымі партнёрамі і саюзнікамі для кансультацый, — сказаў Рыкер. — Мы праходзім праз шматступенны працэс, каб вызначыць, як лепш за ўсё задзейнічаць пасла Фішэр і як яна можа пачаць выкананне сваіх абавязкаў у Беларусі. Мы будзем трымаць вас у курсе гэтага працэсу”.
„І, вядома, разам з Еўропай мы працягнем падтрымліваць адважны беларускі народ, які проста хоча мець урад, што прадстаўляе яго інтарэсы, — падкрэсліў памочнік Блінкена. — Мы працягнем падтрымку народа Беларусі і ўсіх тых у свеце, хто сутыкаецца з жорсткасцю, калі імкнецца рэалізаваць дэмакратычныя свабоды”.