Амаль 600 тысяч беларусаў выказаліся за перамовы з рэжымам Лукашэнкі



Амаль 600 тысяч беларусаў аддалі свой голас за перамовы па вырашэнні крызісу ў краіне. Паўдзельнічаць у галасаванні ў мінулы чацвер заклікала лідарка дэмакратычнае Беларусі Святлана Ціханоўская. Каб прагаласаваць, неабходна ўсталяваць чат-бот платформы «Голас» або адразу прагаласаваць, калі ён ужо ўсталяваны. Галасаванне будзе ананімным. Мінінфарм Беларусі з пятніцы пачаў блакаваць працу платформы, але, як кажуць арганізатары, асноўнае дзеянне адбываецца „ў бяспечных і недаступных для блакаванняў месенджарах Telegram і Viber”.

Як мяркуе палітолаг, метадолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, пакуль рана казаць пра месца правядзення ці фармат дыялогу. Беларускія ўлады яшчэ да яго не гатовыя і пакуль не збіраюцца ісці на яго. У той жа час палітычны крызіс магчыма пераадолець выключна праз дыялогавы механізм:

– Тое, што было зроблена і прапанаванае, – гэта сімвалічнае дзеянне, яно не вядзе да таго, што гэтыя перамовы адбудуцца. Можаце прызначыць якія заўгодна месцы, заклікаць якія заўгодна міжнародныя інстытуцыі, краіны, але гэта не дапаможа таму, каб перамовы пачаліся. Гэтыя перамовы могуць пачацца  толькі ў выпадку, калі ўлады будуць вымушаныя пайсці на гэтыя перамовы.

Андрэй Ягораў звярнуў увагу, што галасаванне на платформе «Голас» – гэта   сігнал як для беларускіх уладаў, так і для замежнай супольнасці, да таго, што сам па сабе дыялог неабходны і яго жадае вялікая колькасць людзей. Таму такі крок мае значэнне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя