Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў Еўразвяз адкрыць справы супраць беларускіх сілавікоў



Міністр замежных спраў Літвы заклікаў краіны Еўразвязу адкрыць справы супраць беларускіх сілавікоў. Габрыэлюс Ландсбергіс лічыць, што Еўразвязу неабходна дзейнічаць, а не назіраць за дзеяннямі Пуціна на беларускай тэрыторыі.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю нямецкай газеце Der Tagesspiegel. Ландсбергіс засяродзіў увагу на надзвычай цяжкім становішчы беларускага народа: мноства людзей трапляюць у турму, пераносяць катаванні, шмат каго звальняюць з працы. Цытата: «У іх забіраюць тыя маленькія свабоды, якія ў іх яшчэ засталіся. Але мне здаецца, што ў Беларусі перайшлі рысу, за якой няма шляху назад. Людзі больш не вераць рэжыму. Пытанне толькі ў тым, як доўга яшчэ рэжым пратрымаецца».

Па словах літоўскага міністра, у ягоную краіну пастаянна прыбываюць палітычныя ўцекачы з Беларусі, многія з іх на радзіме зазналі катаванні. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што Літва пачала расследаванні некалькіх спраў супраць беларускіх сілавікоў і заклікаў еўрапейскія краіны, заканадаўства якіх прадугледжвае прынцып універсальнай юрысдыкцыі, далучыцца да расследавання.

Беларускае Радыё Рацыя