Алесь Бяляцкі: Такіх рэпрэсій у Беларусі не было з часоў Сталіна
Ровень рэпрэсій у краіне зашкальвае. Улады Беларусі размаўляюць з народам на мове гвалту.
Гэта канстатаваў кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ў інтэрв’ю DW. Генпракуратура Беларусі накіравала ў суды 468 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту.
Бяляцкі мяркуе, што насамрэч колькасць гэтых спраў ніхто дакладна не палічыў і іх нашмат больш, таму што заведзена было прыкладна дзве з паловай тысячы крымінальных спраў. Частка іх яшчэ не дайшла да завяршэння. Ёсць справы, па якіх праходзіць адразу па 10-12 чалавек, ёсць — па адным, гаворыць праваабаронца: «Наогул у студзені і лютым праходзіла прыкладна па 100 судоў. Усё гэта сведчыць пра тое, што маштаб рэпрэсій у краіне незвычайна высокі, такога не было з часоў Сталіна. Гэта нават нельга ні з чым параўнаць».
Бяляцкі таксама паведаміў, што працягвае раскручвацца крымінальная справа супраць „Вясны“, чатыры супрацоўнікі цэнтра знаходзяцца ў СІЗА.
Беларускае Радыё Рацыя