Дзень Волі: розныя палітычныя сілы рыхтуюцца па-рознаму



На Дзень Волі 25 сакавіка Павел Латушка анансаваў новую акцыю. У telegram-канале Народнага антыкрызіснага кіравання палітык распавёў пра фармат акцыі пад назвай “Пульс нашай волі”. Паводле Латушкі, у гэтай акцыі два важныя этапы: падрыхтоўка да Дня Волі ўсіх беларускіх двароў і вулічныя акцыі, якія пройдуць непасрэдна 25 сакавіка. Працытую словы Паўла Латушкі: “25 сакавіка мы будзем у руху на вуліцах гарадоў. Не збіраючыся ў калоны і не стоячы на месцы, мы будзем задаваць вуліцам пульс нашай волі. Пульс, які нават без маршу пакажа, што горад наш. Пакажа, што нашы сэрцы б’юцца ў адзіным рытме, у адзіным жаданні быць свабоднымі”, – сказаў Латушка, заклікаўшы такім чынам беларусаў не збірацца ў адзіныя калоны і масавыя маршы, а проста выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў. Гэты заклік выглядае лагічным з увагі на махавік рэпрэсій, які не спыняецца ў краіне.

У самой Беларусі тры апазіцыйныя структуры – Рух “За Свабоду”, грамадская арганізацыя БНФ “Адраджэнне” і БСДП (Грамада) падалі заяўку на правядзенне ў Менску шэсця да Дня Волі. Ужо вядома, што міліцыя і камунальнікі адмовілі заяўнікам у падпісанні дамовы на паслугі, зрабілі гэта толькі медыкі. А такія дамовы – абавязковыя для правядзення масавага мерапрыемства. Праўда, сталічныя ўлады да гэтага часу не далі афіцыйнага адказу на заяўку, але напярэдадні днём непасрэдна на вуліцы, на вачах жонкі і дзіця, быў затрыманы старшыня партыі БСДП Ігар Барысаў. Вядома, што яго завезлі ў ізалятар на Акрэсціна. “Я бачу, што некаторыя сілы зацікаўленыя ў разгортванні новай кампаніі гвалту, замест спакойнага і мірнага адзначэння памятнай даты беларускай гісторыі”, – пракаментаваў гэтае затрыманне старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Як раней падкрэсліў лідар “Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч, “мы дзейнічаем выключна ў рамках беларускага заканадаўства”. Гэтыя словы сталі адказам на заявы старшыні КДБ Івана  Церцеля, якія распавядаў пра нейкія правакацыі на Дзень Волі і знойдзены траціл. Пры гэтым святкаванне 25 сакавіка – амаль адзінае масавае мерапрыемства, якое апошнімі гадамі дазвалялі праводзіць апазіцыі.

Ёсць яшчэ адно меркаванне, як трэба правесці 25 сакавіка. Паводле многіх прадстаўнікоў дэмакратычнага грамадства, наадварот трэба масава выходзіць на акцыі, і што чым больш нас будзе – тым менш шанцаў ва ўладаў нешта з намі зрабіць. У той жа час самі ўлады сцягваюць нават унутраныя войскі, каб здушыць магчымыя акцыі. Але што будзе адбывацца ў гарадах Беларусі, а найперш у Менску, 25 сакавіка, і ці ўвогуле нешта будзе адбывацца – пакуль невядома нікому.

Яна Запольская, Беларуская Радыё Рацыя.